Памінальны малебен-не мітынг, а ўскладанне кветак—не злачынства

 

У мінулым годзе наша краіна адзначала сумную дату сваёй гісторыі—70—годдзе піку масавых рэпрэсій у СССР.

Да мерапрыемстваў Года Памяці мы спрабавалі далучыць і органы дзяржаўнай улады. Адказам на нашы звароты былі або глухое маўчанне, або рэпрэсіі і пераслед грамадскіх актывістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях. Апошнім часам гэтыя брутальныя дзеянні з боку рэжыму пачалі выяўляцца ўсё часцей і часцей, набываючы недапушчальны маштаб і антынародны характар.

19 красавіка гэтага года грамадскасцю Мінска з удзелам жыхароў вёскі Дражна Старадарожскага раёна быў усталяваны крыж на ўскраіне тамтэйшых могілак—у памяць ахвяраў карнай аперацыі, здзейсненай партызанамі Мінскай брыгады, якія па нейкай дзіўнай і жорсткай логіцы “пераблыталі” паліцаяў з мірнымі жыхарамі і расправіліся з усёй вёскай. Узброеныя вінтоўкамі і нажамі, драпежнікі атрада Лапідуса накінуліся на жыхароў—жанчын і дзяцей. Зарэзалі маладую настаўніцу (вучыла дзяцей грамаце, а вучыць савецкай агентурай было забаронена), цэлымі сем’ямі заганялі сялян у хаты і палілі жывымі. Трагедыя адбылася 65 гдоў таму, у красавіку 1943 года. Крыж быў устаноўлены у памяць дражнаўскіх пакутнікаў.

І вось ужо 22 красавіка па загадзе ўладаў гэты памятны знак быў разбураны. Адзін з удзельнікаў грамадзянскага ўшанавання вядомы грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык быў арыштаваны ў Мінску, адвезены ў Старыя Дарогі і там асуджаны на 15сутак.

Як бачым, памінальны малебен на месцы масавых расстрэлаў улады цяпер лічаць мітынгам, а ўскладанне кветак—злачынствам. Гэта не можа не ўражваць і не абураць чалавечае сумленне.

15 мая пісьменнік Віктар Хурсік,які раней у сваёй кнізе “Кроў і попел Дражна” расказаў пра трагічныя падзеі ваеннага часу ў вёсцы Дражна і прысутнічаў пры ўсталяванні Крыжа 19 красавіка, таксама арыштаваны і пасаджаны на 15 сутак.

Суды над грамадскімі рупліўцамі праводзяцца пастаянна, прысуды не грунтуюцца ні на якіх доказах. Меркаванні адвакатаў не прымаюцца да ўвагі. Пра гэта яскрава сведчаць і апошнія судовыя працэсы над маладзёжным актывістам Андрэем Кімам і лідэрам прадпрымальнікаў Сяргеем Парсюкевічам. Складваецца пэўнае падабенства з крутым 1937-м, чаго ўлады нават не спрабуюць хаваць.

На самым пачатку гэтага года грамадству кінуты новы выклік. Высокім начальствам прынята палітычнае, як падкрэслівалася, рашэнне аб будаўніцтве электрастанцыі на Беларусі. Без усялякай незалежнай экспертызы, без прававога абгрунтавання. Парушана Орхуская канвенцыя, падпісаная нашай дзяржавай,згодна з якой рашэнне аб будаўніцтве станцыі павінен прымаць народ. Тым часам зроблены намёк, што кожны, хто выступіць супраць будаўніцтва беларускай АЭС, будзе залічаны ў ворагі народа. А з “ворагамі” вядома, што робяць нашчадкі сталінізму ў Беларусі. Ці не прадбачыцца новая паласа рэпрэсій, арыштаў, турэмных зняволенняў тых, хто будзе супраць ?

Мы спадзяёмся,што грамадзяне Беларусі разбяруцца ў сітуацыі і зразумеюць, хто плодзіць “ворагаў народа” і дзеля чаго тое робіцца, не пакінуць без увагі чарговы выбух рэпрэсій на Беларусі—цынічны і недапушчальны для еўрапейскай краіны наступ на грамадзянскую супольнасць. Улады Беларусі груба парушаюць усе міжнародныя канвенцыі па абароне правоў чалавеа, для якіх краіна годна далучылася ўлепшы час. Дамагаючыся абсалютнай пакорлівасці, цяпэрашні рэжым старанна і паслядоўна разбурае мараль, хрысціянскія традыцыі, сістэму нацыянальнай адукацыі, мову і культуру беларускага народа.

Выказваем спадзяванне, што усведамляючы ўсё гэта, свет не застанецца да нас абыякавым.

Кальсьці ў Савецкім Саюзе паняволенае і затлумленнае “светлай будучыняй насельніцтва, пакінутае цыілізаваным светам сам-насам з крывавым дыктатарам, заплаціла за гэта жахлівую цану. І Еўропа-крыху пазней-такасама. Хацелася б думаць, што ўрокі нядаўняга мінулага не забыты супольнасцю Еўропы.

Яўген Анішчанка, гісторык

Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі

Валерый Дранчук, публіцыст, эколаг

Сяргей Законнікаў, паэт, лаўрэат Дзржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы

Георгій Лепін, доктар тэхнічных навук

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук

Іван Нікітчанка, член-карэспандэнт, ліквідатар вынікаў аварыі на ЧАЭС

Ягор Фядзюшын, фізік –ядзершчык

Уладзімір Халіп, кінадраматург

Васіль Якавенка, пісьменнік

Народная Воля, 28 мая 2008 г. С. 4