Вяртанне адшчапенцаў

Сёлета адзначаецца 400-годдзе Брэсцкай царкоўнай уніі, што паклала пачатак існаванню своеасаблівага вызнання—уніяцтва на Беларусі. Гэтая падзея сама па сабе цікавая тым, што ўніяцтва доўгія стагоддзі вызнавала большасць беларускіх вернікаў. Узнікае пытанне: як здарылася, што гэтая канфесія апынулася непануючай верай ?

У гісторыі эвалюцыі ўніяцтва надта важнае месца займаюць падзелы Рэчы Паспалітай і паслядоўнае ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі.

Напярэдадні свайго падзелу ў дзяржаўных актах Рэчы Паспалітай праваслаўных з пагардай называлі схізматыкамі, ерытэкамі, а каталіцкую веру –рэлігіяй “абодвух абрадаў” (уласна каталіцтва і ўніяцтва). Гэта значыць, уніяты лічыліся неад’емнай часткай і саюзнікам каталіцтва з часу уніі Кароны з Вялікім княствам Літоўскім у адзіную дзяржаву.

Наадварот, у царскім урадзе Расіі беларускія землі ВКЛ разглядалі як населеныя пераважна праваслаўнымі, якіх гвалтам або падманам адарвалі з часу уніі ад адзінавернай Расіі. Афіцыйны Пецярбург лічыў уніятаў за “секту, отщепенцев нашей веры, отнюдь к католицкой прямо не присоединившихся” якіх, натуральна, збіраўся вярнуць да веры продкаў.

Здаецца, непрымірымыя бакі паразумеліся ў 1766—1767 гг. пад час дамаганняў Пецярбурга ўраўнаваць каталікоў з іншаверцамі або дысідэнтамі ў Рэчы Паспалітай. Узамен за прызнанне выключнага або пануючага становішча каталіцтва ў канстытуцыі рэспублікі, якую Пецярбург абавязаўся апекаваць, сейм 1768 года прадаставіў праваслаўным свабоду культу і скасаваў дыскрымінацыйныя пастановы адносна іх. Праваслаўны епіскап Г. Каніскі пры тым патрабаваў, каб у трактаце абедзвюх краін быў запісаны ясны пункт аб свабодзе ўніятаў па добрай ахвоце вярнуцца ва ўлонне набоскасці. Ён дамагаўся звароту 5 манастыроў, 192 цэркваў, гвалтам адабраных ва ўнію. Сейм пагадзіўся разабрацца з святынямі,забранымі ў праваслаўных і дысідэнтаў, толькі пасля 1 студзеня 1717 г. праз сумесную камісію. Той жа сейм абвясціў пераход з рыма-каталіцкай у іншую рэлігію крымінальным злачынствам і абяцаў не дапускаць пакарання ўсіх, хто дагэтуль прытрымліваўся каталіцкага абраду. Гэты пункт якраз тычыўся ўніятаў, якіх Пецярбург рашыў да часу замоўчыць у міждзяржаўнай дамове.

Чарговы сейм 1773-1775 гг. у трактаце з Расіяй замацаваў цэласць “святой рэлігіі абодвух абрадаў”, а Кацярына 11 абяцала за сябе і сваіх наступнікаў не ўжываць улады для парушэння адзінства каталіцтва і на шкоду “тому состоянию, в коем римско-католическая вера по вошедшим провинциям (у склад імперыі—Я. А.)доныне находится”. Гэты ж сейм у трактаце 15 сакавіка 1775 г. забараніў ужываць войскі і з іх дапамогай “подавать кому бы то н было руку помощи” пры судовым разглядзе справы вяртання дысідэнцкіх святынь.

Аднак сярод абавязацельстваў Пецярбурга не было яснай пастановы аб забароне ўжываць войскі для звароту уніяцкіх цэркваў і саміх вернікаў, бо, паўтару, тыя трактаты наогул замоўчылі апошніх. Сярод кардынальных або вечна-непахісных правоў рэспублікі не было і пагрозы пакарання за змену іншх вызнанняў, акрамя каталіцтва. Існавала толькі згода на пераход з аднаго веравызання ў іншае праз шлюбы. Пецярбург як апякун канстытуцыйнага ладу Рэчы Паспалітай гарантаваў непарушнасць існуючага канфесійнага становішча, бо процілеглы бок таксама не прызнаваў самастойнага існавання ўніяцкай царквы. І Пецярбург, і Варшава глядзелі на ўніятаў –у большасці сялян-прыгонных—як на статак, быдла, якое рухаецца ў той ці іншы бок по волі пана, па слову айца-душпастыра або па загаду начальства. За цвёрдасцю Варшавы стаяла сівая даўніна, якая ахінула цемрай стагоддяў паходжанне ўніяцтва. Пецярбургу належала марудная справа разблытаць і судовым парадкам даказаць праваслаўнае мінулае далучанай у 1772 г. часткі беларускіх жыхароў.

Якраз гэтая задача не вабіла вярхі імперыі. Сам Г.Каніскі ў канцы 1772 г.пісаў, што “естли б бог не судил коротшим способом церкви в руках униатов состоящия к благочестию возвратить, то для дохождивания оных судом было б лутче, чтоб архив полоцкого архиепископа взят был в секвестр и с оной крепости и документы, нам принадлежащия, были выняты”. Аднак улады Рэчы Паспалітай марудзілі з судовым разборам і прадастаўленнем дакументаў, так што сам кароль у 1783 г. абавязаў земскія і гродскія суды дзяржавы не цягнуць справы аб дысідэнцкіх цэрквах. Ён патрабаваў завесці на іх асобныя спісы і адвесці тыдзень пад спецыяльныя сесіі для іхразгляду.

У 1772—1774 гг. на забраным абшары ўсходняй Беларусі царызм секвестраваў і канфіскаваў у казну амаль палову ападаткаванага сялянства. З Рыма паляцелі абвінавачванні ў прымусовым вяртанні ў праваслаў’е па Пскоўскай і Магілёўскай губернях 429 цэркваў з…688 прыхаджанамі. Называлі нават лічбу у 1200 святынь. Аднак такой колькасці на самой справе не было. Гэтыя яўна сфальсіфікаваныя лічбы маглі сведчыць і на карысць добраахвотнай цягі ўніятаў да змены вызнання. Сінадальныя вярхі і свецкія ўлады царскай Расіі дзейнічалі якраз у такім рэчышчы.

Карыстаючы з масавых канфіскацый, Г. Каніскі адразу стаў завальваць улады данясеннямі аб тым, што адшчапенцы цэлымі “толпами и со слезами просят воссоединить их в благочестие по добровольному и издревле крывшемуся в сердце желанию”. Для доказу ён увесну 1773 г. арганізаваў збор петыцый уніяцкіх святароў і прасіў Сінод выдаць указ аб прыёме першых ахвотнікаў, за якімі абавязкова рушаць астатнія цэлымі прыходамі. Заўзятага Каніскага падтрымліваў беларускі намеснік З. Чарнышоў. Апошні жадаў адсэпараваць уніяцкую іерархію ад каталіцкай пад нагляд Сената, аб хутка разабрацца з адшчапенцамі з дапамогай дзяржавы. Аднак ва ўмовах урачыстых абяцанняў аб верацярпімасці вырашылі не спяшацца з адзяржаўленнем.14 снежня 1772 г. каталікоў усяе імперыі аддалі пад уладу каталіцкаму біскупу, але пад вярхоўнай юрысдыкцыяй Юстыц-калегіі Сената. Епіскапа Я. Смагаржэўскага паставілі на чале полацкай уніяцкай дыяцэзіі, якую адвялі ў склад Пскоўскай епархіі. Каталіцкім і ўніяцкім ксяндзам катэгарычна забаранілі ні патаемна, ні яўна схіляць іншавернікаў з пагрозай пераследу і пакарання.

Знешнепалітчнае ведамства Расіі адмоўчвалася на дамаганні Каніскага, гледзячы на рэакцыю яшчэ не далучаных жыхароў і каб не сварыцца са сваімі прыхільнікамі ва ўцалелай Рэчы Паспалітай. Маланкавыя захады Каніскага сталі пярэчыць палітыцы ўрада, які стаў вяртаць арыштаваныя ўладанні ранейшым панам-каталікам за вернападданіцкую прысягу. Агітацыя цэлых прыходаў непажадана справакавала памешчыцкіх сялян на непаслушэнства панам, за пераход у казну, бо яны былі якраз звязаны адзінымі прыходамі з дзяржаўнымі сялянамі. Першы наступ на секту закончыўся практычна безпаспяхова.

Спрыяльны час настаў са смерцю ў 1779 г. уніяцкага мітрапаліта Л. Шаптыцкага, на месца якога ў 1780 г. Пецярбург і Варшава дамовіліся перамясціць з полацкай кафедры Я. Смагаржэўскага. Апошні спрабаваў захаваць сваю юрысдыкцыю і апеляваў да кангрэса базліянаў (уніяцкі манаскі ордэн), куды прасіў выпусціць яго ў ліпені 1780 г. разам з полацкімі ігумнамі К. Жабам, І. Міляноўскім, віцебскім ігумнам А. Марцінкевічам, прафесарам метафізікі Ф. Грабніцкім і Д. Рымашэўскім. Не маючы годных кандыдатур на сваю вакансію, ён падзяліў кіраванне дыяцэзіі па правінцыях: у Рагачоўскай даручыў уладу архімандрыту Ануфрыева манастыра І. Лісоўскаму, у Мсціслаўскай—свайму намесніку, архімандрыту Барысаваглебскага полацкага манастыра К. Чудоўскаму разм з прафесарам багаслоў’я І. Міляноўскім. Але ўсіх іх, як не пасвячоных, не выпусцілі за мяжу.

Пад час майскага падарожжа Кацярыны 11 на Беларусь канцлер імперыі А. Безбародка параіў нанесці “последний и решительный бой” секце. Уладкаванне асірацелай уніяцкай епархіі было абвешчана царскай справай, бо з 1710 г. мітрапалічы пасад лічыўся каралеўскім кцітатрствам (прарэгатывай манарха). 2 ліпеня 1780 г. на чале дыяцэзіі паставілі кансісторыю (калегію) з 4-х лаяльных асоб. У Пецярбургу вырашылі цягнуць з намінацыяй уладыкі, каб тым часам навярнуць у набоскасць як мага больш уніятаў праз апытанне жадаючых у вакантных прыходах. З. Чарнышоў сказаў Г. Каніскаму :”Вот, теперь вам свободно принимать целыми селениями и с церквами желающих присоединиться к православному нашему исповеданию”. План належала ажыццяўляць скрытна.

Каніскі распараджаўся досыць кемліва. Да прыкладу, уніяцкі святар абвяшчаўся праваслаўным, а прыход вакантным. Асірацелых прыхаджан далучалі да суседняга і потым і потым ставілі праваслаўнага папа. Аднак гэтыя хітрыкі рабіліся без згоды паноў—валадароў сялян. Дазволам нах апытанне жадаючых сам жа ўрад уклаў зброю ў рукі сваіх праціўнікаў, бо яны маглі дзейнічаць гэтаксама на карысць сваёй веры.

Разам з апытаннем праходзіла генеральнае межаванне, падчас якога ўрад збіраўся надзяліць кожную прыходскую царкву стандартным выдзелам у 36 дзес. зямлі, каб адначасова ўладкаваць праваслаўны клір і схіліць уніяцкіх ксяндзоў. Аднак прынада не спрацавала. Бо сам жа ўрад забараніў землямерам умешвацца ў вотчынныя правы ўласнікаў. Памешчыкі-каталікі не пажадалі выдзяляць зямельную норму. Прынамсі, да пачатку Х1Х ст. з 265 цэркваў поўную норму атрымалі ледзь 30.

Памешчыкі не паведамлялі аб вакантных прыходах, процідзейнічалі ўліку прыхаджан, а іхнія звесткі, як пісаў член уніяцкай кансісторыі А. Кір’ят, такія няпэўныя, што «беспрестанным подвергаются отменам». Яны наўмысна распускалі чуткі, быццам з 1781 года ўрад збіраецца пагалоўна агаліць бароды і валасы. Паколькі ў 1782 г. праходзіў агульны падушны перапіс, то саму рэвізію ацэньвалі як масавы запіс у праваслаў’е. Каб сяляне не паддаліся ўрадаваму закліку, іх страшылі павелічэннем дзяржпадаткаў, а на адступнікаў ускладвалі дадатковыя павіннасці. Каталіцкія колы скарысталіся апытаннем і сталі схіляць уніятаў на свій бок.

Разгарэлася, так бы мовіць, вайна за сэрцы і душы ўніяцкай паствы. Урад падахвочваў надзейных памешчыкаў тым, што дазволіў будаваць дамовыя цэрквы, якія потым асвячалі ў якасці прыходскіх. Пад цэрквы тэрмінова адводзілі нават пакгаўзы і мытні. Для пераводу ўжывалі часам кватэруючыя войскі і памежную ахову. У Віцебску галосным стаў выпадак, калі камендант граф С.Мініх прыпісаў 93 хаты слабаджан да магістрата, а затым пацягнуў іх як ужо гараджан у батальённую царкву з дапамогай плац-маёра. У Полацкім павеце сяляне ўсяе межаўскай парафіі адмовіліся прыняць праваслаўнага папа і г.д. Як ні стараўся ўрад зрабіць аправаслаўленне негалосным, а ў шмат якіх месцах сяляне «много оному противилися, сказывая, что умрут в рожденной вере», або, што “ваши указы так важны, как собаку в задницу целовать”. Губернатары нават папракалі рупліўцаў уз’яднання—маўляў, дастаткова было апытаць не ўсіх прыхаджан, а хаця б палову.

Каб атрымаць вакансіі для свяшчэннаслужыцеляў, урад заняўся высвятленнем лаяльнасці ўніяцкага духавенства. Пры тым аказалася, што ў Полацкай губерні з 1772 г. вернападданую прысягу не прынесла 17 манахаў базыліянскіх кляштараў і 85 прыходскіх плябанаў. У Магілёўскай губерні прысягнула 44 манахі і 306 ксяндзоў. Улады нават збіраліся выгнаць за мяжу палову манахаў-базыліянаў. Потым вырашылі не зачыняць тыя кляштары, а выключыць іх зліку прыватных уласнікаў зямлі і прыгоных. Чарговы раз урад адступіў перад перашкодамі, паспеўшы з 1780 да 1783 гг. абярнуць у праваслаў’е каля 140 тыс. уніятаў.

Гэтаму спрыяў раскол паміж манаскім і белым (прыходскім) уніяцкім духавенствам. Наступнік Смагаржэўскага І. Лісоўскі заняў пасад архіепіскапа ў 1784г. і атрымаў у спадчыну 16 тыс. дзес. зямлі з 197 прыгоннымі. З той маёмасці полацкая кафедра мела штогод звыш 1 тыс. руб. даходу. На ўласны стол мітрапаліту ішло 357 руб., акрамя 2440 руб. ад панўчыны на ўласных фальварках. Лісоўскі надта гараваў з мізэрнасці такога харчавання і маліў аб дзяржаўнай падтрымцы. Не атрымаўшы яе, ён рашыў адзінаўладна распараджацца багаццямі базіліянскага ордэна. Базіліянскі клір строга захоўваў цэласць сваіх фундушаў, складзеных з падараванняў памешчыкаў і схаваных пад залогі або пераведзеных у склад земскіх (прыватных) уладанняў. Базіліяне засцерагалі набытае і ўласнае польска-патрыятычнае адрозненне ад простанароднага ці мужыцкага, прыходскага духавенства. Як паслухмяны Пецярбургу уладыка, Лісоўскі націснуў на гэты снабізм ордэна, каб адарваць тым часам ад кляштараў прыходскія цэрквы і пазбавіць манахаў, так бы мовіць, матэрыяльнай базы.

На пачатку 1782 г. базіліяне абавязаліся ўласнымі падпіскамі не пярэчыць назначэнню мітрапалітам манастырскіх настаяцеляў і прыходскіх плябанаў. Узамен Лісоўскі абяцаў не ўмешвацца ва ўнутранае кіраванне ордэнам і не перашкаджаць выбару суперыёраў. Аднак, стаўшы архіепіскапам, ён даў базіліянам 3 месяцы на зварот да старажытнага грэчаскага абраду з пагрозай скідання непаслухмяных. 24 чэрвеня 1789 г. ён абвінаваціў полацкіх манахаў у патаемным вывазе золата за мяжу, а членаў уніяцкай кансісторыі—у прысваенні кафедральныхаходаў. Кансісторыя, у сваю чаргу, папракала яго ў парушэнні закона 1710 г., які вызваляў ордэн ад кантролю полацкіх архіепіскапаў і не дапусцілі да рэвізіі маёнткаў. Яны выправілі ў Пецярбург скаржнікаў на чале з прафесарам тэалогіі С. Навакоўскім.

Распалены супрацівам, Лісоўскі тут жа паставіў па ўсіх базіліянскіх кляштарах сваіх ігумнаў, візітатарамі  (рэвізорамі) назначыў ігумна мцэнскага манастыра С. Канановіча з трыма памочнікамі. Хутка рэвізоры паведамілі, што з 50-ці паслушнікаў 13 пастрыгліся ў манахі патаемна і прынялі навіцыят пад прысягай архімандрытаў, чум уласна і зняважылі сан архіепіскапа. Царскі ўрад заняў бок Лісоўскага і вытурыў хадайнікаў са сталіцы. Хаця базіліянскі ордэн і захаваў свае багацці, але пад наглядам адданага ўраду ўладыкі.

Чарговы наступ на секту быў спалучаны з канчатковым далучэннем беларускіх зямель да імперыі і падтрымкай уніяцкім духавенствам паўстання 1794 года начале з Т. Касцюшкам. У лютым 1795 г. мінскі губернатар І. Няплюеў распарадзіўся перад духоўнымі ўладамі “всякими мерами стараться о приведении униатов в благочестие”. У дапамогу ім далі войскі і земскіх начальнікаў. Тыя пастараліся і абярнулі каля 85 тыс. прыхаджан. Аднак пры апытанні просты люд часта гаварыў, што “предки наши были ль православными, того не занем…, в якой вере крестились, в такой и хочем умереть” і што “если ксендзы примут благочестие, то и мы к тому приступим”. Тады, 6 верасня 1795 г. царыца ліквідавала ўсе ўніяцкія епархіі і на іх месцы стварыла адзіную Беларускую начале з лагодным Лісоўскім. Ён атрымаў права закрываць некамплектныя кляштары. Уступаць у манаства не дазвалялася без манаршага дазволу. Зволеным епіскапам і ксяндзам вызначылі пажыццёвыя пенсіі. За кошт захопленых уладанняў уніяцкага духавенства царыца выканала амаль палову раздач сваім прыдворным і паслугачам. Пакрысе загарэлася вуголле непрыязні і апазіцыі.

Наступнік Кацярыны 11 Павел 1 таксама не любіў уніятаў, якіх называў “ни то, ни сё, ни рыба, ни мясо” і якім заставаўся адзін шлях—у праваслаў’е. аднак ён выдатна спалучаў уласнае дзікае самаўладдзе з прапольскім ухілам.

Толькі ступіўшы на трон, ён дазволіў усім падданым асабіста яму скардзіцца на розныя ўціскі і здзекі. Сярод сялян папаўзлі чуткі, што дабрадзейны цар рашыў вызваліць іх ад прыватнай залежнасці панам, а вось толькі дваране хаваюць царскі ўказ аб волі. У студзені 1797 г. за пераход пад дзяржаву разгарнуўся сялянскі рух у было Полацкай губерні, што апынулася ў складзе Беларускай губерні. Мужыкі накіравалі ў Пецярбург хадайнікаў са скаргамі, якія дапамагалі пісаць уніяцкі поп з Язерскага староства Рыгор Вячэрскі, обалькі ксёндз Павел Шыбека, усвяцкі пратапоп Васіль Івашка. У адказ 2 студзеня цар прыслаў войскі “для пресечения мятежности” і пакарання падбухторшчыкаў. Быў быў заліты крывёю. З 858 завадатаяў бізуном ды палкамі скалечылі і 8 уніяцкіх папоў.

Тым часам хваляванні падкацілі да Мінскай губерні, куды выехаў сам цар. Пад час набажэнства ў маёнтку Нача 8 верасня 1797 г. трое сялян-уніятаў адважна падалі Паўлу 1 нейкую паперу. З тае запіскі цар убачыў, што большасць аправаслаўленых уніятаў не ходзяць у цэрквы, бо “никогда не миели добровольного желания оставить унию”. Цар даручыў мінскаму губернатару З. Карнееву “без огласки, самым кротким и ласковым образом” даведацца, чаму пакрыўджаныя ўхіляюцца праваслаў’я і ці “действует тут ухищрение поверх духовных и помещиков” нейкай трэцяй сілы. Ён загадаў пры тым уладкаваць у некаторыя цэрквы выгнаных святароў, а пазаштатным выдаць па 50-100 руб. і не чыніць прымусу над тымі сялянамі, якія добраахвотна пакінулі ўніяцтва.

Як былы масон, З. Карнееў адказаў, што пры абарачэнні “нигде не наблюдали общего желания поселян”, што пры тым гвалтоўна парушылі гападарчыя і сваяцкія сувязі і што самі вернікі не могуць без падтрымкі ўтрымліваць цэрквы. Грошай не хапала, а святыні парахнелі. Давялося зноў адступаць. Пачалося адваротнае вяртанне сектантаў. Следствы ж над прычынамі такого тлуму расцягваліся.

А тут 14 сакавіка 1798 г. цару данеслі, што маскоўскія ксяндзы-дамінікане “отлучаются без нужды ” ў навакольныя вёскі. Аднак, маскоўскі ваенны губернатар М. Архараў паведаміў, што ў Маскве тых ксяндзоў зусім няма. Але ж яны былі ў памежных губернях. І вось 29 сакавіка віленскі губернатар Я. Булгакаў загадвае віленскаму і жмудскаму епіскапам, каб манахі ўсіх ордэнаў “непристойным их званию образом не таскались с одного на другое место”, а біскупы паведамлялі яму, куды, дакаго, за якой справай, на які час яны адлучыліся. Памянёны Карнееў зрабіў тое ж, але з падпіскамі настаяцеляў манастыроў. Беларускі губернатар С. Жагулін так выцягнуўся ў стараннасці, што “простер строгость воспрещения на все без изьятия монастри, ибо они не утвердились еще в преданности и большая часть из них исполнены были желанием видеть нашествие поляков (пры паўстанні 1794 г.—Я. А.) на Белоруссию и обращение ее в прежнее бытие».Вось яна, трэцяя палітычная сіла.

Каталіцкі архіепіскап С. Сестрэнцэвіч кінуўся ратаваць падначаленых і пацярпелых. Ён пісаў, што гэта ўлады прыціскаюць святароў за чыненне абедняў у каталіцкіх касцёлах. Але ж, пытаўся ён, што рабіць зволеным алябанам, калі праваслаўныя епіскапы захапілі 15 уніяцкіх манастыроў з цэрквамі, ды яшчэ пагражаюць “по праву занять и другие монастыри”, што ў Мінскай і Беларускай губернях уніяцкае простанароддзе засталося бех духаўнікоў, так што шлюбы і пахаванні адбываюцца ў прысутнасці адных родзічаў. Калі царскія ўлады не забяспечылі новаабернутых вернікаў сваімі свяшчэнаслужыцелямі, тады навошта перашкаджаць асірацелыя авечкам хадзіць у каталіцкія касцёлы ? Бо, гаварыў ён, уніяты усё роўна “исповедывают католическую религию”.

Для раследавання хвалявання 80 тыс. сялян у Беларускай губерні выслалі генерал-лейтэнанта Ф. Фон Лідэра. На пачатку лістапада 1798 г. той паведаміў, што чэпелеўскі войт Васіль Махін “напаивал допьяна не один раз благочестивого священника , привязывал его к носилкам, на которых мертвых носят, и при колокольном звоне вынашивал как мертваго к церкви”. Ліндэр адзначыў, што ўласна паводзіны свяшчэнаслужыцеляў зрабілі «греческую религию презреннной». Таму народ і стаў адступаць ад яе: хрэсьбіны, пахаванні, прычасці і споведзі па-ранейшаму “отправляются  тайно униатскими попами”. А мясцовыя начальнікі нічога не маюць акрамя  аднае “рабской приверженности” да царскай асобы, бо яны “суть католики и не желают обличить замыслы униатов, своих, так сказать, почти единоверцев”. Зрабіць усіх рускімі і чэснымі загадам было немагчыма. Ліндэр папрасіў Жэгуліна не гвалціць вернікаў у праваслаў’е, а мітрапаліту Гаўрыілу рэкамендаваў разаслаць павучальнае настаўленне для духавенства. 11 кастрычніка Сінод загадаў падпіскамі праваслаўных папоў ва ўсіх далучаных землях не чыніць прымусу пры абарачэнні ўніятаў і прыгразіў вінаватых пазбавіць сану і пасад. Аднак обер-пракурор 23 снежня 1798 г. папярэдзіў, што ўказ у Беларускай губерні нават “самыми благонадежными католиками признан для господствующей религии возмутительным». Даводзілася ізноў саступаць, ізноў пакідаць адшчапенцаў ва ўпраўленні каталіцкага кліру.

Сацыяльны кантэкст падобных хістанняўвыдатна разумелі нават самыя старанныя абрусіцелі. Адзін з іх, князь М. Хаванскі, пазней скажа, што памешчыкі далучаных тэрыторый усяляк намагаліся трымаць сялян “в неограниченной от себя зависимости: уния во всем том способствовала”. Наступам на ўніяцтва, якое вызнавала большасць прыгоных, царызм у першую чаргу абмяжоўваў панскае свавольства, дэманструючы сябе як абаронцу і вызваліцеля. Не стварыўшы падараваннямі рускае землеўладанне пануючым, гэты ўрад хацеў зрабіць сялян адзінавернымі, каб трымаць у цугах паноў-іншаверцаў. Паражэнні ў барацьбе за сялянскія душы і сэрцы прымушалі царызм неаднойчы адступацца ад планаў масавага аправаслаўлення ўніятаў.

Судны дзень для апошніх наспеў у 1832 г., калі полацкі ўніяцкі сабор навечна злучыў тую секту з афіцыйным праваслаў’ем. Звадкі вакол уніі вяліся не толькі за тое, як назваць далучаны край—польскім або рускім. Барацьба вялася за тое,хто і як будзе самаўладна гаспадарыць тут, неабмежавана распараджацца працай і думкамі вернікаў-сялян. У гэтым рэчышчы лаўры трыумфатара пажынаў царызм. І руска-праваслаўны і польска-каталіцкі бок тузалі ўніятаў на сваю карысць як статак, бо па-сапраўднаму аднолькава не лічыліся з самастойным існаваннем беларускага народа. Менавіта з-за гэтай валтузні абаронцаў і вызваліцеляў сярмяжны беларускі люд і трымаўся стагоддзямі пасяродкі паміж уладнымі ваярамі.

Яўген Анішчанка

кандыдат гістарычных наук,

старшы навуковы супрацоўнік  АН Беларусі

Голас Радзімы. 23 мая 1996 г., 30 мая 1996 г., 6 чэрвеня 1996 г.