Санітарны кардон

 

Яшчэ пра “добраахвотнае ўз’яднанне Беларусі з Расеяй”

(Першы артыкул з гэтага цыклю быў надрукаваны ў “НН” № 7 за гэты год)

Як сталася, што вольналюбівая шляхта Вялікага княства Літоўскага фактычна бяззбройна аддала ў 1772 г. частку сваёй Айчыны пад панаванне імпэратарскай Расеі ? І ці быў увогуле таму супраціў сярод грамадзкага стану, які кожны замах на свае прывілеі сустракаў стварэннем узброеных канфедэрацый ?

За год да далучэння, у 1771 г. расейскі пасол у Варшаве Каспар Сальдэрн сцвярджаў, што ў Рэчы Паспалітай –а значыць і ВКЛ—маецца да 20 тысяч “скрытно недовольных” увядзеннем пастаяннай прысутнасці царскіх войскаў і расейскага пратэктарату. Гэткія паведамленні надта непакоілі пецярбургскі двор, які дбаў аб вяршэнстве лёсам знясіленай шматлікімі канфедэрацыямі (а па сутнасці, няспыннай грамадзянскай вайной) дзяржавы.

Царызму спрыялі нязгоды ў шляхецкім асяроддзі, расколатым на варожыя партыі прарасейцаў і патрыётаў па ваяводзтвах і паветах. Спробу аб’яднаць іх у адзіны паўстанцкі рух зрабіў генэральны рэгіментар Беларускай дывізіі Вялікага княства Шыман Касакоўскі. 15 ліпеня 1771 г. ён выдаў універсал, у якім пад пагрозай суровай кары загадаў вялікакняскай шляхце выставіць з кожных 10 курных хат конніка з абмундзіраванем, шабляй, карабінам, пісталетам на 100 зарадаў і чатырма злотымі на тыднёвае ўтрыманне. Калі не было сялян, прымусовы набор у апалчэнне замяняўся на ахвераванне 45 талераў.

Ваенная калегія Расеі адразу прыняла адказныя меры барацьбы. З усяе 83-тысячнай расейскай арміі на мяжу з Рэччу Паспалітай яна пасунула 18 палкоў або 23800 чал. пяхоты й конніцы. На выпадак адпору рыхтавалася яшчэ 15 пяхотных палкоў (41912 чал.), 100 эскадронаў і 5 казачых палкоў (17626 чал.). Часткі гэтай моцы ў снежні 1770 г. утваралі санітарны кардон па Заходняй Дзвіне. Там яны рабілі ператрус на суднах, якія, як меркавалася, вязуць зброю для літоўскіх канфедэратаў з Рыгі. Вялікае княства было ўзятае ў жалезнае кола, праз якое вольна лёталі, мабыць, толькі буслы.

Аднак 5 чэрвеня 1771 г. Пецярбург здрыгнуўся ад весткі пра з’яўленне “многих зборищ шляхты” (да 900 чал.) каля Вільні. 11 ліпеня наўгародзкі губернатар Я. Сіверс паведаміў аб зборы ў Браслаўскім павеце 600 патрыётаў пад кіраўніцтвам Кавалеўскага й Касакоўскага. Наскокі з расейскіх памежных фарпостаў на гэтыя дробныя шляхецкія высілкі былі марныя: 100 канфедэратаў на чале з браслаўскім старастам Ваўжэцкім рушылі на злучэнне з мсціслаўскім ваяводам Гільзенам. Па дарозе да іх далучыліся яшчэ 100 чалавек з шасцю гарматамі.

Неўзабаве “верный диссидент” Зарэмба, а таксама нейкі жыд і апочацкі купец паведамілі аб з’яўленні 1100 канфедэратаў пад Браславам. Там яны разыйшліся: сам Касакоўскі рушыў на Дынабург на дапамогу 2-тысячнай грамадзе, Сапега з 700-мі ваярамі скіраваўся на Друю, а Плятар з 300-мі –пад Краславу. Сіверс ў роспачы дакладваў, што “по слухам” пад Себежам, Валынцамі й Полацкам згуртавалася каля 3-3.5 тыс. канфедэрацкіх “шаек”, якія маюць намер спаліць Себеж. Так і здарылася. Чырвоны певень і рабункі…Памежных памешчыкаў ахапіў жах. Наўгародскія сяляне, --пісаў Сіверс, --“так волнуются, что при первом нападении разбегутся”. Кемлівы губернатар параіў дваранам Вялікалуцкай правінцыі ўзброіць па 40 уласных прыгонных і выставіць яшчэ па чалавеку на фарпостах для падтрымкі гарнізонаў.

Сенат адмовіўся ўзбройваць сялян. Але й памежная ахова была заслабая. Між тым шкода чынілася акупантам па ўсёй мяжы. У жніўні “мяцежнікі”з-пад Рагачова  й Гомеля спалілі казачы лагер Чарнігаўскай і Старадубскай канцылярыі.

Замест узбраення сялян, уазам ад 20 чэрвеня 1771 г. Сенат перадаў камандаванне спецыяльным корпусам “в Польше и Литве» (3 карабінерныя, 4 пяхотныя й казачыя палкі) генерал-паручніку А. Бібікаву, які атрымаў настаўленне “мятежников разогнать и истребить, чтоб они ближе 10 миль (74 км.) от нас не были”.

Мяжу разбілі на ўчасткі пад аховай 2 палкоў пяхоты й 6 эскадронаў. У Вялікіх Луках стаў дэташмент Варонескага драгунскага палка на чале з падпалкоўнікам Іванам Іванавічам Ангеларам (2 эскадроны й 2 роты з дзьвюма гарматамі), каля Полацку –драгунскі аддзел падпалкоўніка Адольфа ДэБандрэ (2 конныя й 2 пяхотныя роты з гарматай), пад Віцебскам—роты мушкецёраў й Уладзімірскіх драгунаў. Адрэзак мяжы паміж Смаленскам і Полацкам сцярог ДэБандрэ, а лінію Полацк—Друя пільнаваў Ангелар.

Расейскія камандзіры мелі загад рассекчы й выціснуць згуртаваныя шляхецкія групоўкі з Жамойці, а затым разбіць іх паасобку. Але этае паляванне на вялікакняскіх дарогах аказалася марным заняткам. Цяжкая кірасісрская конніца расейцаў дзейнічала няспрытна, а мясцовыя жыхары аказвалі падтрымку рухавым шляхецкім партыям (па 50-100 чал.). І тады жалезная заслона ашчацінілася.

Маёр Іван Кітаеў, даведаўшыся аб захопе ў Полацку судовых кніг ваяводства Штэйнам і Шалухам, загадаў схапіць апошніх як бунтаўнікоў. Асабістую недатыкальнасць ён абяцаў толькі тым, хто “будет тихо сидеть дома и не вдаваться ни в какие конфедерации”. Рабунак, кантрыбуцыю ў 500 чырвоных, перасед і зняцце з пасады абяцалі ўсім, хто “поразумеется помощи с противной нам партии”. Паўсюдныя пагрозы далі свой плён.

Падпалкоўнік Афанасі Мацвеевіч Фабулаў разбіў злучэнне Касакоўскага пад Рэжыцамі й ня даў яму падняць шляхту у Аршанскім павеце, Віцебскім і Полацкім ваяводствах. Маёр Я. Кошкін у канцы верасня выгнаў 400 канфедэратаў маршалка Зіберха з Курляндыі пад Дынабург, а затым з 2—пехацінцамі пагнаў Касакоўскага праз Браслаўскі й Вількамірскі паветы. Маёр Кітаеў тым часам загарадзіў шлях на Магілёў, пабіўшы пры гэтым каля 140 чал. Ангелар у Полацкім і Віцебскім ваяводствах разбіў 400 канфедэратаў, а пад Валынцамі ўзяў у палон самога аршанскага маршалка Штэйна. 12 кастрычніка трапілі ў палон 22 чал. з партыі рэчыцкага судовага падстарасты Юдыцкага. Астатніх 1500 канфедэратаў СанктПецярбургскі легіён замкнуў у Гарадзенскім павеце. 3 кастрычніка быў разбіты атрад Агінскага, а 23 кастрычніка 1771 г. у ваенную калегію паступіла паведамленне: “в Литве шаек не стало слышно”.

Аднак на гэтым царскі ўрад не супакоіўся і 8 кастрычніка Кацярына 11 загадала ўтварыць мацнейшы кардон “для охраны границ по Двине и Днепру из формируемых в Смоленске и Дерпте легких полевых команд”. Дыстанцыю ад Лоева да Друі (14 пяхотных і 11 кавлерыйскіх рот) узначаліў генэрал-маёр М. Кахоўскі. У дыстанцыю трапілі пасты ў бабры, Віцебску,руі, лядах, Лоеве, Магілёве, Мсціслаў’і, Менску, Оршы, Полацку, Рагачове. Як бачым, справа вялася не пра ахову межаў, а пра акупацыю краю. Бо ўжо 2 жніўня на нарадзе расійскага двара меркавалі паставіць войскі ажно да Друці, а 22 жніўня ўвогуле парываліся пасунуць 50-тысячнае войска ..пад берасце.

Кожны пост расейскай дыслякацыі ператварылі ў “гаўптвахту” й загадалі “наглухо запереть” гарматамі, пікетамі й рагаткамі. На падставе даведак мясцовых уладаў расейскія камандзіры складалі спісы шляхты ваяводзтваў і паветаў. Шляхту дзялілі на лаяльную й няверную ды заклікалі, каб рэгістранты “воздержались от возмутительных сборищ, не сообщались с возмутителями”. Забараняліся й самавольныя наезды на маёнткі. Калі ж хто “по польскому праву” жадаў чыніць самасуд над праціўнікам, трэба было атрымаць на тое папярэдні дазвол. Расейскі афіцэр сачыў, каб наезд “не обратился под сим предлогом в возмутительное собрание” каб наезнік абавязкова вярнуўся дамоў. Пры наймалым падазрэнні наезд разганяўся.

На разведку “о сборищах и советах между шляхтою”рассылалі патрулі. Вінаватых, як разбуральнікаў спакою, адсылалі ў Смаленск або Вялікія Лукі. Пры недахопе патрульных шпіёнскія абавязкі выконвалі жыдоўскія кагалы. А дзе іх не было, там патрабавалі “от старших жидов, чтобы они за своим выбором и поруками давали надежных и к разведыванию годных людей, которых для того и разсылать, чтобы они давали тотчас знать о приближении какой возмутительской шайки”.

Шляхту літаральна паставілі на калені кантрыбуцыяй: грошы за харчовыя пастаўкі для акупацыйнага корпусу давалі толькі лаяльным асобам. На астатніх распаўсюджвалі прымусовыя паборы з 21 тысяч чвэрцяў збожжа й 64 тысяч пудоў сена, што складала блізу 40 тыс. рублёў. Ды й гаўптвахты працавалі напоўніцу—паводле некаторых даследчыкаў, праз іх уСібір трапіла каля 5 тысяч канфедэратаў.

Зразумела, чаму пасля ўсяго гэтага далучэнню беларускай часткі ВКЛ да Расійскай імперыі акампаніявалі не стрэлы, а магільная цішыня. У недасведчанага сапраўды магло ствараца ўражанне пра добраахвотнае прыняцце расейскай акупацыі насельнікамі Вялікага княста.

Яўген Анішчанка

Наша Ніва, 1994. № 12. С.