Здымкі Лепельскага павета . 1802—1817 гг.

Суцэльнае картаграфаванне беларускіх зямель, поруч з апісаннем фізіка-геаграфічных аб’ектаў і з’яў, актыўна распачалося пасля 1772 г. . Найбольш даканалая тапаграфічная і картаграфічная іх характарыстыка была зроблена на час Генеральнага межавання Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. Адпаведныя работы ахапілі новаствораны Лепельскі павет у 1802 г. і здзяйсняліся штатам Віцебскай губернскай чарцёжнай па царскаму распараджэнню ад 30.06.1797 г. аб стварэнні Атласа на Беларускую губерню.

Інструментальныя здымкі вяліся паводле “Наставления землемерам к снятию земель присоединенной части к Минской губернии» (24 пункты), складзенага губернскім каморнікам, надворным саветнікам Клімянцеем Антонавічас Тамашэўскім. Інструкцыя падзяляла павет на дыстанцыі, па каторых каморнікам даручалася “самовернейшим образом различать порознь все угодья: пашни, сенокосы, леса строевой и дровяной, болота и пески, озёра, реки, речки, ключи, горы и тому подобное без малейшего упущения”. На кожную дыстанцыю складаўся Генеральны план у маштабе 500 сажэнь у дзюйме (1:21000), да якога далучалася эканамічная заўвага—статыстыка ці геаграфічнае апісанне тэрыторыі. Памешчыкі выстаўлялі да паслуг каморнікаў падводы, па 13-15 сялян на геадэзійныя працы, прадстаўлялі дакументы і г.д.

З-за шэрагу прычын здымкі працягваліся да жніўня 1816 г. па 7 дыстанцыях пад кіраўніцтвам губернскіх каморнікаў Якава Іванавіча Цюнькова і Антона Якаўлевіча Мазалоўскага. Першымі да вымярэння прыступілі правінцыяльныя сакратары: себежскі каморнік Рыгор Фёдаравіч Есіповіч, невельскі Андрэй Якаўлевіч Скокаў, гарадокскі шляхціц Трафім Міхайлавіч Саленік, люцынскі тытулярны саветнік Сцяпан Іванавіч Губанаў, веліжскі—Мікалай Андрэевіч Котаў. У сакавіку 1815 г. да іх былі прыкамандзіраваны тры афіцэры світы яго імператарскай вялікасці па кварцімерскай частцы пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Маліноўскага, якія рабілі статыстычнныя карты губерні. 31 мая 1816 г. быў скончаны першы белавы варыянт павятовага плана, 17 ліпеня—складзены два варыянты—у губернскі архіў і для Сімбірскай межавой канторы. Яшчэ два планы да 27.07.1817 г. зрабілі Ігнат Фёдаравіч Кладніцкі, Мікалай Філіпавіч Шміт, Іпаліт Антонавіч Рэмбертовіч, Адам Дзям’янавіч Сянчкоўскі, якія нанеслі апошнія 84 маёнткі (з 346 уладанняў) полацкай часткі павета.

Вынікам здымак стаў аднавёрстны план павета (1:42000), які захаваўся ў двух варыянтах без эканоміка-геаграфічнага апісання. Аўтарства аднаго належыць суражскаму каморніку, безпамеснаму шляхцічу Луке Паўлавічу Саленіку. Палотнішча памерам 340Х341 см. арыентавана ружай вятроў, мае каардынатную сетку для змяншэння ў іншы маштаб. Акрамя паўночна-заходняй часткі, план змяшчае падрбязную гідраграфічную сітуацыю, планавы малюнак паселішчаў і дарог, межаў уладанняў, лесапакрыцця, багнаў і т. д. Паводле каталога павятовага суда за 1816 г. каморнікі намагаліся зафіксаваць 290 маёнткаў з 5142 дварамі па рэвізіі 1796 г. і 6741 дварамі па рэвізіі 1811 г., 8 мястэчак (Камень, Бешанковічы, Ула, Пышна, Кублічы, Селішча, Ушачы, Чашнікі), 41 фальваркаў, слабаду, 2, 41 фальваркаў, слабаду, 2 пустэчы, 31 сяло, 136 сельцаў, 167 засценкаў, 731 вёску.

Але поўнае афармленне нагрузкі цягнулася да 1821 г. стараннем дрысенскага каморніка, безпамеснага кіеўскага двараніна А. Д. Сянчкоўскага. Неад’емнай часткай Генеральнага плана з’ яўляецца асобны малюнак г. Лепеля з выганам, створаны Т. М. Саленікам 10.11.1804 г., у лютым, 12 сакавіка і 17 верасня 1896 г. Маюцца таксама тры гарадавыя планы таго ж аўтара за 1809—1811 гг. у маштабе 2 і 5 вёрстаў.

Працяглы і калектыўны працэс стварэння Лепельскага плана адбіўся на якасці і дакладнасці графічнага выяўлення наменклатуры мясцовасці , што тлумачыць акалічнасці безпаспяховасці работ над Атласам Беларускай губерні.

Я. К. Анішчанка , ІГАНБ

Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Тэз. дакладаў навук. канф.,прысвечанай 1130-годдзю Полацка. Полацк. 1992 г. С. 4-5