Акоп уздоўж мяжы

Акоп уздоўж мяжы

Матэрыял падрыхтаваны на падставе справы, якая захоўваецца ў Архіве знешняй палітыкі Расіі. Гэта дзённік, які вёў рускі бок на чале з пскоўскім губернатарам М. Крачэтнікавым. Выкарыстаны таксама дакументы з аддзела рукапісаў былой Дзяржаўнай бібліятэкі СССР (АР РДБ, ф. 41, карт.1, спр. 9 )

Як вядома, у 1772 г. у выніку змовы імператарскіх двароў Расіі, Прусіі і Аўстрыі тэрыторыя паўночна-ўсходніх зямель Беларусі была анексіравана пецярбургскім дваром.

У адпаведных канвенцыях і трактатах мяжа паміж Расійскай імперыяй і Рэччу Паспалітай была ўмоўна праведзена па Заходняй Дзвіне і Дняпры, а паміж імі — «по прямой линии до истока р. Дручи» па тэрыторыі Аршанскага павету. Цікавыя абставіны зацвярджэння граніцы ў натуры, або яе легітымацыя.

[Рашэнне аб стварэнні памежнай камісіі Кацярына 11 прыняла 7 лістапада 1774 г., пасля заключэння канвенцыі 30 жніўня 1773 г. з каралём. Яна загадала тады калегіі замежных спраў стварыць такую камісію на чале з губернатарам М. Крачэтнікавым і саветнікам В. Кахоўскім. Ім разам выдалі 25 тыс. руб. з якіх 2 тыс. руб. следвалі на надзвычайныя расходы, а атстатнія а “на единовременные пособия..по поведению” палякаў. Спачатку польскі бок думаў сабрацца ў Вільні «для выгодного жития и забав», аднак Крачэтникаў дабіўся з’езду у мястэчку Чарэя, куды бакі з’ехаліся 24 лютага 1775 г. АЗПРІ, ф. 79, воп. 1, спр. 1894, л. 5, 6, 112]

Размежаванне праводзіла сумесная руска-польская камісія, якая ўпершыню сабралася пры базылянскім кляштары мястэчка Чарэя 4 сакавіка 1775 г1. У яе ўвайшлі: з рускага боку — пскоўскі губернатар, генерал-маёр М. К. Крачэтнікаў, магілеўскі палкоўнік Васіль Кахоўскі, каморнікі-інжынеры — секунд-маёр Якаў Сіверс і губернскі камісар прэм’ер-маёр Карл Цэймерн; з боку Рэчы Паспалітай — надворны маршалак граф Уладзіслаў Гуроўскі, каліжскі ваявода Ігнат Твардоўскі, вайсковы Антон Талочка і падкаморы Ромер. Ha першым жа з'ездзе камісары дамовіліся, што карту мяжы зробяць рускія каморнікі. Апошнія адразу выправіліся да вытокаў р. Друць з сакрэтным загадам Крачэтнікава «издержать остаток Витебского (ваяводства.— Я.А.)в границах Российских» пры правядзенні размеркавальнага акопа ўздоўж сухадольнай граніцы2. Гэта хутка заўважыў Ромер, які запярэчыў самавольным дзеянням. М. Крачэтнікаў некалькімі лістамі да кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства М. Паніна дамогся 14 красавіка замены скаржніка на больш паслухмянага Міхаіла Марыконі.

Адначасова Крачэтнікаў перадаў, што каліжскі ваявода просіць у Кацярыны II «подаркі» і ордэн св. Аляксандра3. Губернатар утаймаваў сквапніка тым, што купіў на 1 тыс. рублёў табакерак, да якіхдадаў яшчэ 180 руб4. Спрэчкі крыху сцішыліся. 8 мая каморнікі нанеслі на карту частку мяжы па Аршанскім павеце такім чынам, каб «удалить от пограничных обоих сторон жителей» і тым зменшыць «пограничную стражу»5. У той жа дзень хворага Кахоўскага змяніў полацкі камендант Якаў Мейснер, які меў задачу загадзя, да рэвізіі граніцы камісарамі,  «искать гораздо далее в Литве у них» зямлю6. Крачэтнікаў прыгразіў палякам, што яны “заставят меня сделать им таковую пропозицию в разсуждении пункта Минского воеводства, которая лишит их больше еще края, потому как здесь нашел по Витебску, что повет Оршанской принадлежал до онаго воеводства, а не до Минскаго, и на давних картах в Атласе назначен при Витебском, следовательно, можно сказанного пункта искать гораздо далее в Литве у них”. Мейснер паступіў згодна з правіламі субардынацыі: 27мая слупы з „двухгаловымі арламі на гербах ужо стаялі ўздоўж акопа на мяжы.Успыхнулі чарговыя спрэчкі, [бо на падпісанай імі карце, як прызнаваўся Крачэтнікаў у рапарце ад 29 мая, захопленыя рускім бокам вёскі ад Полацкага ваяводства “не означены, а показана только граніца”]. Польскія камісары нават раз'ехаліся,не жадаючы падпісваць карту, каб «не навлечь на себя взыскания» караля. [Крачэтнікаў пісаў, што палякі абяцалі не даносіць у Варшаву 12 дзён пра захопленыя Расіяй у Полацкім ваяводстве вёсках і частцы Віцебскага ваяводства, “дабы лутче иметь ловкость к переговорам” ]7.

Іх «великое колебание» Крачэтнікаў, як сам пісаў у рапарце да М. Паніна 12 чэрвеня 1775 г., зламаў наступным аргументам: «Чем далее король от соглашения, тем важнее их услуга, если согласятся выпрямить границу. И хотя колебание их было велико, но однако ж благомыслие и угождение к интересам высочайшего... двора одержали поверхность»8. «Угождение» склала сума — 25 тыс. руб. Першыя два камісары атрымалі па 7 тыс. руб., Марыконі далі 3500, Талочку — 2500, двум інжынерам і сакратару Станіславу Нямцэвічу — па 2 тыс. руб. Рэшту грошай з усіх 35439 руб. Крачэтнікаў размеркаваў сярод афіцэрскай світы9.

Але бок Рэчы Паспалітай абвінаваціў Крачэтнікава ў захопе 8 вёсак (амаль 571 сялянаў абодвуга полу) і тэрыторыі каля 6 кв. міляў паблізу мястэчка Арава. Камісары патрабавалі знішчыць роў і правесціакоп «работниками Речи Посполитой»10. Сіверс абараніўся тым, што роў быў пракладзены «по причине безвождия в нынешнем лете» па высахлай багне. Сам Крачэтнікаў адмовіўся ехаць на рэвізію, бо яму «не желалось быть свидетелем такому месту, где начало реки (Друць.— Я. А.) сыскать трудно», ды ікарэта там не пройдзе11. Для апраўдання ён спаслаўся так сама на тое, што захоп часткі зямлі выконваўся на падставе тарыфу Віцебскага ваяводства 1753 г., звестак пра які рускі бок «не мог знать» у 1772 г12.

Поўнае апісанне граніцы было складзена ў Бешанковічах. 4 ліпеня 1775 г. у мястэчку Холм Крачэтнікаў раздаў апошнія грошы13. Гуроўскі адмовіўся ад хабару, але астатнія члены камісіі, як пісаў Крачэтнікаў, узялі «с удовольствием»14. У той жа дзень яны падпісалі акт размежавання, у якім пагадзіліся не ўпамінаць аб адрэзках. 8 ліпеня бакі падпісалі канчатковыя пратаколы, нягледзячы на заявы Гуроўскага аб тым, што рускія салдаты тройчы пераносілі кардон «по своей воле мимо трактата»15.

Крачэтнікаў з задавальненнем пісаў М. Паніну, што польскія камісары згадзіліся і на знос млыноў па р. Друць, i на перадачу вострава Экімань, насупраць Полацка, пад рускую крэпасць. Заключным акордам дзейнасці сумеснай камісіі стала распараджэнне М. Крачэтнікава наогул спусціць балота і тым самым, назаўсёды знішчыць спрэчнае месца16.

Прыведзеныя звесткі, здаецца, па куль не патрабуюць каментарыяў.

[тое ж месца было зноў апісана паводле ратыфікацыі караля і Рэспублікі ад 12 кастрычніка 1777 г. камісіяй у складзе: М. Крачэтнікава, У. Кахоўскага, Яфіма Мейснера, Ігнація Твардоўскага, Уладзіслава Гуроўскага, Міхаіла Марыконі і Антона Талочкі. НАБ, ф. 3310, воп. 2, спр. 7, л. 16 ]

Яўген АНІШЧАНКА

Спасылкі выкінуты рэдактарам часопіса

1.АР РДБ, ф. 41, карт. 1, спр. 9, л. 1. Паседжанні затым 14 красавіка перанесены ў Бешанковічы

2.там жа, л. 7

3.там жа, л. 22

4.там жа, л. 14

5.там жа, л. 21 адв.

6.там жа, л. 30 адв., АЗПРІ, ф. 79, воп. 1, спр. 1894, л. 163

7.там жа, л.35; АЗПРІ, ф. 79, спр. 1894, л. 167-167 адв.

8.там жа, л. 37 адв.

9.там жа, л. 41 адв.; АЗПРІ, ф. 79, спр. 1894, л. 210, 261

10.там жа, л. 48

11.там жа, л. 49; АЗПРІ, ф. 79, спр. 1894, л. 218

12.там жа, л. 71

13.там жа, л. 59

14.там жа, л. 55 адв.

15.там жа, л. 71

16.там жа, л. 85

Спадчына. 1992. № 2. С. 14—15.