Мяжа Вялікага княства Літоўскага ў справах памежных камісій

Мяжа Вялікага Княства Літоўскага ў справах памежных камісій (першая палова XVIII ст.)

Яўген Анішчанка

Сярод фактараў, якія доўгія дзесяцігоддзі вызначалі ўзаемадачыненні Рэчы Паспалітай і Расійскай, імперыі, былі памежныя канфлікты, асабліва на паўночна-ўсходняй ускраіне Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, наяўная гістарычная літаратура не дае належнага ўяўлення пра змест і рэгуляванне тых супярэчнасцяў. Паспрабуем гэта зрабіць на падставе раней сакрэтных дакументаў Архіва знешняй палітыкі Расіі, якія тычацца дзейнасці двухбаковых пагранічных камісій.

Такія камісіі пачалі ўтварацца пасля завяршэння Паўночнай вайны. Як сведчаць справы, многія расійскія памешчыкі-афіцэры, вярнуўшыся дадому, знайшлі свае ўладанні спустошанымі пасля ўцёкаў прыгонных і мусілі плаціць за іх дзяржаўныя падаткі. Адпаведныя фіскальныя інтарэсы пацярпелых пры каралеўскім двары абараняў князь і таемны саветнік Васіль Далгарукаў. Пра стварэнне надежных органаў бакі дамовіліся пасля візіту ў Пецярбург мазавецкага ваяводы Станіслава Хамянтоўскага — у 1720 г. Аўгуст II на працягу 1722 г. шэсць разоў пасылаў у ваяводствы і паветы універсалы, патрабуючы ад службовых асобаў не прымаць і вяртаць расійскіх уцекачоў1. Але мясцовая шляхта ігнаравала гэтыя патрабаванні.

Пецярбург выявіў большую настойлівасць. Указам ад 13 снежня 1723 г. Сенат пастанавіў стварыць «для изследования обид» тры камісіі на памежжы Смаленскай, Пскоўскай і Кіеўскай губерняў у складзе трох удзельнікаў з кожнага боку — ад імперыі і ВКЛ2. Царскі ўрад матываваў іх неабходнасць парушэннем «Польшчай» трактатаў 1686 і 1710 г. Першымі расійскімі камісарамі на мяжы Вялікалуцкай правінцыі сталі князь Юры Галянішчаў-Кутузаў (у 1732 г. — Леў Чэлішчаў, у 1738 г. — Сцяпан Сумураў, у 1743 г. — Андрэй Ялагін), намяжы Пскоўскай — стр. 420 Іван Квашнін-Самарын,Наўгародскай - Іван Лутохін, Смаленскай Рыгор Даганоўскі.Спецыяльнай інструкцыяй калегія замежных справаў 18 лютага 1724 г. даручыла ім занатаваць крыўды,неадкладна распачаць пошук уцекачоў і вяртанне іх разам змаёмасцю пад распіску сваім памешчыкам, дамагчыся кампенсацый за спусташэнні ад набегаў і г.д. Расійскія камісары першымі пачалі дзеянні, але безвынікова.

Больш энергічныя захады расійскі ўрад зрабіў у адказ на ўцёкі за мяжу старавераў і раскольнікаў. 1 чэрвеня 1730 г. ваенная калегія загадала стварыць памежныя заставы з дапамогай армейскіх палкоў, якім дазвалялася ўжываць зброю пры «насильном» перасячэнні мяжы вераадступнікамі3. Вядома, што дзейнасцю смаленскай камісіі кіраваў сам смаленскі губернатар, генерал-маёр Аляксандр Бутурлін. Процілеглы бок ад Мсціслаўскага ваяводства ўзначаліў падкаморы Валовіч і канюшы Свадкоўскі, вілейскі падсудак Марцінкевіч. Прадстаўнікамі Віцебскага ваяводства былі вількамірскі падстолі Міхаіл Глушынскі і віцебскі чашнік Казімір Рысінскі, Полацкага ваяводства — рэчыцкі стольнік Траян Ласоўскі і радастамскі стараста Еранім Корсак, Аршанскага павету — аршанскі стараста Ян Ёзафовіч і земскі суддзя Ян Ванклярскі. Аднаквялікакняскія камісары не лічылі свае прызначэнні абавязковымі. У прыватнасці, абраны ў верасні 1748 г. ад Полацкага ваяводства Казімір Сіпайла на дамаганні расійскіх камісараў адказаў, што ваяводскі соймік не ўпаўнаважыў яго праводзць з'езды да вяртання паслоў ад караля і што ён «власти не имеет шляхтича судить». Пры тым ён вінаваціў расійцаў у адсутнасці патрэбных даведак і перакладчыка. Пэўны час бакі прамарнавалі на вызначэнне тыпу паперы (простай або гербавай) пры сваіх зносінах. Толькі ў ліпені 1749 г. на вялікалуцкую мяжу ў якасці перакладчыка быў прысланы навучэнец Кіеўскай акадэміі Павел Грамацкі і вучань багаслоўя з смаленскай губернскай канцылярыі Цыпрыян Арлоўскі3. Але і пасля гэтага Грамацкі год сядзеў «праздно» з-за адсутнасці следчых справаў і вялікакняскіх камісараў.

На рэдкіх з’ездах камісары канстатавалі распаўсюджанасць уцёкаў расійскіх падданых «на слободу в Польшу». Дляіх стр. 421 рэгістрацыі і затрымання пасылаліся шляхцічы, візіты якіх у прыватныя маёнткі нярэдка завяршаліся крывавымі бойкамі. У гэтых умовах расійскі двор дэманстратыўна трымаў узброеныя заслоны, «дабы показать господам полякам, что от стороны нашей всей комиссии никакого препятствия и укоснения не произошло». Паводле сакрэтнага ўказу ад 13 студзеня 1739 г. прапускны рэжым на заставах здзяйсняўся толькі па пашпартах, а тых, хто прыязджаў у імперыю, утрымлівалі на 6-тыднёвым каранціне з-за маравой пошасці пад Кіевам, Магілёвам і Камянцом-Падольскім4.

Заграджальныя меры не спынілі эміграцыю з Расіі, бо магнаты ВКЛ зманьвалі выхадцаў падатковымі льготамі і пошукам кліентуры пры фармаванні ўласнадворных войскаў. Былі і іншыя карыслівыя мэты. Начальнік смаленскага гарнізона, секунд-маёр Іван Нямчынаў, напрыклад, пісаў, што ўладальнік веліжскага староства Адам Чартарыжскі наказаў намеснікам свайго графства прымаць у жаўнеры па 20-100 чалавек са зброяй і рагацінамі «российских крестьян, а наипаче молодых для отдачи в рекруты за границу вывозить». Тыя валанцёры збіраліся «по ночам многолюдством» ля фарпостаў Будзькі, Глінішча, Хатолі і гвалтам выводзілі цэлыя сем'і з-за мяжы. 3 той самай мэтай у сакавіку 1741 г. мсціслаўскі ўраднік Станіслаў Цеханавецкі наслаў купу ў 100 чалавек на смаленскае ўладанне Юры Дрэвіча і звёў усіх сялян з вёскі Вялікае Дзевіна5.

Звычайна выхадцы вывозілі з сабой маёмасць. Стан памежнай аховы дазваляў набываць яе на чужым баку. Увесну 1743 г. вялікакняскія сяляне на санях і з сякерамі дзейнічалі ў луцкім павеце. У ліпені ўжо «литовская шляхта с бродягами» спалілі вёску Фадзееў у Невельскім павеце і выгналі адтуль скаціну. Адначасова віцебскі стольнік Павел Багамолец і шляхціч Міхаіл Сушко скардзіліся на расійскіх находнікаў, якія абрабавалі в. Рагозы і звезлі 70 вазоў хлеба. Праз які час 30 літоўскіх сялян, узброеных рагацінамі, бердышамі, дубцамі, вынішчылі луцкі маёнтак Нелядзінскага ды Істоміна. У абагульненым выглядзе свае бедствы вялікалуцкія дваране (49 чалавек) паказалі ў скарзе ад 17 красавіка 1752 г. Яны пісалі, што «с 1686 года польские обыватели великим собранием стр. 422 посылают из Польши в великолуцкую провинцию воровские шайки, грабежи, разбои и смертоубивства чинят и дворы дворянские разбивают, пожитки грабят, а наших крестьян подговаривают, а инных и неволят, в Польшу уводят и селят и поможенье чинят». У нядаўнія часы яны «российских белецов распрятали, в лесах ухранили и увозили в дальние свои места и маетности и научают тех беглецов называтца польскими вечными крестьянами». Страты ад уцёкаў і злоўленых ўцекачоў, ад іх выкупу аўтары скаргі даводзілі да такіх памераў, што ў іх «ни единой души не осталось»6.

Але як ні страшылі расійскія дваране свой урад памерамі ўцёкаў сялян, ахоўныя меры не давалі вынікаў. Паколькі царскі двор з палітычных разлікаў не выкарыстоўваў войскі для за- трымання ўцекачоў, то смаленскія камісары ўжывалі сістэму заложніцтва. Так, амаль год (1738—1739) пад арыштам у Смаленску трымалі шляхціча Міхася Касценіча. Прычым яго затрымалі пасля беспаспяховага звароту да наваградскага ваяводы Мацея Радзівіла і літоўскага канцлера Яна Сапегі з нагоды гандлёвых перашкодаў.

Пра характар апошніх сведчыць хадайніцтва 23 смаленскіх, 7 бранскіх і 5 вяземскіх купцоў, з якім яны звярнуліся 27 ліпеня 1743 г. у Сенат. Расійскія купцы скардзіліся на цяжкасць мытных пошлін і «ограбления» на Дзвіне. Спецыяльна створаная Дзвінская камісія занатавала наступныя перашкоды гандлю. Калі ў 1710 г. расійскія купцы плацілі са струга ў Віцебску 140 яфімкаў і бесперашкодна правозілі тавары каля Полацка і Дынабурга, то з прызначэн нем на чале мытнага збору падскарбія Яна Салагуба выдаткі на працягу 10 гадоў узраслі ўтрая — да 430 яфімкаў. Скаржнікі пісалі, што самаўладныя мытнікі затрымліваюць транспарт, выпраўляюць яго «по малой воде, отчего российского купечества струги с товарами разбивает о камни», а потым бяруць пошліны «при всяком урочище». Яны не адрознівалі мытны збор ад звычайнага хабару. У Суражы тая ўзнагарода замкаваму старасту выходзіла па 3 яфімкі са струга. У Віцебску за рэвізію тавараў на старой каморы бралі 135, а на новай — 246 яфімкаў. Праход судна каля Бешанковічаў павялічваў хабар на 2, а каля Полацка — яшчэ на 10 яфімкаў. Асабліва стр. 423 купцы абураліся тым, што калі разаб'ецца або спыніцца струг «против чьей земли на мели, то польское и курляндское шляхетство берут за то многие платежи с 50 и до ста ефимков со струга, объявляя, что де мол камень поймал струг у моего камня и забирают товары»7.

Тады знешнепалітычнае кіраўніцтва Расійскай імперыі праз рэзідэнта Галембоўскага і графа Карла Кайзерлінга патрабавала ўвесці свабодны праезд па Дзвіне і браць толькі статутавыя пошліны. У пачатку 1744 г. у Смаленск прыбыў граф Ігнаці Агінскі, які прывёз 2 тысячы рублёў у кошт задавальнення гандлёвых прэтэнзій. Аднак гэтая сума не спыніла наступных затрымак і пабораў, якія выраслі з 383 яфімкаў у Віцебску да 530 яфімкаў на астатніх прыпынках. Агінскі ўжо не выклікаў даверу, бо сам у ліхвярстве «немалым участником был». Пад націскам расійскага боку ўсе дзвінскія мытні кароль здаў на водкуп у адныя рукі генерал-фельтцмайстра графа Яна Флемінга. А 8 сакавіка 1744 г. той самы Салагуб загадаў па ўсіх «улах» або таможнях не браць з транзітнага рачнога транспарту двайную пошліну параўнальна з Віцебскам. Пасля чарговай дамовы — 5 красавіка 1744 г. — кароль абавязаў Салагуба прапускаць расійскіх купцоў з ахоўнымі граматамі і за пячаткай ВКЛ. Аднак гандлёвыя шляхі пралягалі не толькі па вадзе.

Хутка Пецярбург забараніў вываз за мяжу срэбных манет з-за боязі фальшываманецтва. Гэта спарадзіла накапленне ўзаемнай запазычанасці бакоў. На тую забарону ў Рэчы Паспалітай паглядзелі як на парушэнне свабоды гандлю. А расійскія ўлады спаслаліся на свавольства літоўскіх магнатаў, якія карысталіся транзітным становішчам сваіх уладанняў і з дапамогай сваіх эканомаў затрымлівалі караваны расійскіх гандляроў. І эканомы, і проста шляхцічы канфіскоўвалі тавары і чакалі выплаты пошлін у звонкай манеце, а то і проста ў кошт запазычанасці. У траўні 1745 г. Сенат разгледзеў скаргу шуйскага купца Івана Поснікава на адміністратара шклоўскага графства (валодаў Міхал Чартарыйскі) Антона Бяляўскага, які трымаў хадайніка «в тюрьме, моря голодом, устрашивая побоями», прымушаў падпісаць фальшывыя квітанцыі8. Тады ж прыказчык маскоўскага купца Івана Раставікова скардзіўсяна стр. 424 другога шклоўскага намесніка, які яго, закаванага ў кайданы, катаваў «смертно» бізунамі9. Чартарыйскі, ў сваю чаргу, патрабаваў, каб 12 маскоўскіх, 28 тарапецкіх, 4 вяземскія, 2 смаленскія, дарагабужскі і вялікалуцкі купцы выплацілі запазычанасць ягоным шклоўскім купцам-яўрэям. Для разгляду ўзаемных прэтэнзій у Татарску 15 сакавіка 1746 г. сабралася шклоўская камісія на чале з дваранінам Міхаілам Пацёмкіным і бурмістрам смаленскага магістрата Якавам Ялінскім. Прадстаўнікамі Чартарыйскага былі губернатары графства Антон Бароўскі і Антон Станішэўскі — тыя асобы, якіх і вінавацілі ў рабаўніцтве. Нядзіўна, што вызначэнне запазычанасці праходзіла ў бязлітасных звадках. Паводле разлікаў камісіі, запазычанасць шклоўскіх яўрэяў расійскім купцам ацэньвалася ў 62 447 рублёў (у тым ліку — 8 891 рубель «сомнительных»), а расійскіх купцоў на яўрэях — у 66 347 рублёў (у тым ліку — 34 712 рублёў «сомнительных»). Расійскія купцы запазычыліся і меліся выплаціць 53 655 рублёў, а яўрэі — 31 364 рублі10.

Станішэўскі адзначаў, што расійскія камісары прымушаюць яўрэяў «без шапок и без скуфьев босыми ногами стоя присягать», што яны патураюць сваім купцам, якія «поднимают великой шум и крик и комиссаров ни во что не почитают»11. Губернатары занеслі 16 ліпеня 1746 г. у гродскую кнігу Мсціслаўскага ваяводства свой пратэст на «вымышленные церемонии, великие убытки и скуку», дзе патрабавалі з'яўлення на следства ўсіх расійскіх даўжнікоў з дакладнымі доказамі. Скарбовая камісія Вялікага Княства патрабавала кампенсаваць запазычанасць незабароненымі таварамі і адмовілася прыняць выплаты ў меднай манеце. Сам Чартарыйскі пераклаў адказнасць на расійскіх купцоў і абвясціў, што яго яўрэі паразыходзіліся па шляхецкіх маёнтках, а ён «над шляхтичами власти не имеет». Пры тым ён дадаў, што «из собственного своего мешка более 12 ООО гульденов на оную комиссию издержал». Болып за ўсіх — 36 417 рублёў — прэтэнзій лічылася на тарапецкіх купцах, якія з-за «убожества» сабралі толькі 812 рублёў! 2 верасня 1748 г. галоўны магістрат Расіі пад пагрозай катавання і катаргі загадаў расійскім гандлярам аддаць грошы. Аднак толькі купец Аляксей Маракушаў стр. 425 назваў вінаватым Бяляўскага ў прысваенні тавараў на суму ў 4 тысячы рублёў і паказаў на 4-х яўрэяў, вінаватых у затрымцы 16 581 рубля12. Вядома ж, шклоўскія адміністратары адверглі гэтыя дамаганні як беспадстаўныя. Запазычанасць расійскіх купцоў Пецярбург выбіваў прымусам, з дапамогай кругавой парукі, «с невинных горожан», шляхам продажу гандлёвых лавак, заводаў, двароў і г.д. Чартарыйскі ж хуценька змяніў адміністратараў і катэгарычна адмовіўся абцяжарваць уласных сялян надзвычайнымі экзекуцыямі. Чарговы з'езд камісараў адбыўся ў Татарску ў лютым 1747 г. Расійская дэлегацыя папракала шклоўскіх камісараў, што яны ўтрымліваюцца за кошт сваіх яўрэяў і рэкамендавала эканомам самім ехаць у Сібір па тавар. Маракушаў і Фёдар Рыбакоў назвалі літоўскіх камісараў «плутами, ворами, суд шкловский ... разбойничеством, грабительством и мучением российских людзей»13. Шклоўскія ж шляхцічы, «почитая каждый честь свою ровно с жизнью в обиде на того мужика Маракушина», дэманстратыўна пакінулі з'езд 11 сакавіка 1747 г. Згортванне камісіі справакавала новыя гвалты. У чаканні сатысфакцыі шклоўскія купцы «начали уже собою управляться и грабить за то безвинных и не должных им российских купцов». На працягу наступных сямі гадоў запазычанасць расійскіх купцоў вырасла на 17 тыс. рублёў і ў 1753 г. склала 56 593 рублі. У траўні 1753 г. да спрэчкі далучыўся саксонскі надзвычайны пасол Функ, які ў Пецярбургу прасіў выплаціць запазычанасць расійскага боку з дзяржаўнай казны. Ён абяцаў атрымаць згоду Чартарыйскага, які выплаціць частку запазычанасці яўрэяў уласным коштам. У адказе Функу ад 15 чэрвеня 1753 г. замежная калегія вуснамі графаў Андрэя Бястужава-Руміна і Міхаіла Варанцова абвясціла, што «нигде в свете требовано быць не может, чтоб за партикулярные долги казна ответствовала или платила», што расійскія даўжнікі ўжо дастаткова «под жестоким караулом держаны и к заплате принуждаемы были». Але прымус не даў плёну, і графы выводзілі запазычанасць «от шкловских жидов и инных польских подданых грабежами и удержанием товаров». Тым не менш, Пецярбург заверыў, што гатовы стр. 426 задаволіць Чартарыйскага за яго заслугіі палітычныя «сентименты в пользу интереса обоих наших дворов», Чартарыйскі неадкладна выслаў свайго кіраўніка Станішэўскага, якому выдалі 200 чырвоных злотых у кошт падарожных па смеце калегіі замежных справаў Расіі. Пасланца адарылі запаведнымі для вывазу таварамі (208 шкурак вавёрак, собаляў, лісіц, зайцоў і гарнастаяў, ваўкоў, рысяў, расамах, 28 мядзвежых, 8 калмыцкіх кажухоў, 33 бухарскія аўчыны) на суму каля 2 тыс. рублёў14. Гэты скарб прапускаўся да мяжы без мытнага нагляду і затрымак. Услед, 16 чэрвеня 1755 г., замежная калегія запатрабавала ад галоўнага магістрата хутка выплаціць астатнюю запазычанасць Чартарыйскаму, «яко весьма надобного для её императорского величества интересов в Польше» чалавека. У жніўні 1756 г. тая ж калегія рэкамендавала сваім купцам абмінаць мястэчка Шклоў і раіла «с поляками впредь торг иметь при границе, как с китайцами»15. Між тым, зусім абмінуць магнацкія ўладані не выходзіла. Накіраваны ў напрамку пскоўскай мяжы ў маёнткі графа Антона Агінскага ротмістр полацкага ваяводства і намеснік харугвы Беларускай дывізіі Максіміліян Гайкоўскі меўся высветліць сапраўднасць паказанняў затрыманых рэкрута Раманава і селяніна Мітрафанава наконт таго, што Элеанора Агінская з 1750 г. прымае і выпраўляе групоўкі ўцекачоў «для разбоев и грабежа российских дворов». Ротмістр на пачатку 1751 г. у маёнтках Колпіна і Мікуліна знайшоў «скопление разбойников, кои ничем больше не промышляют, как только одним мошенничеством и воровством и не только сами крадут, но и других себе подобных у себя укрывают и как слышно, то они в волости госпожи Огинской в двадцати милях состоящей, собравши артели, деньги вскладку збирают в презент госпожи Огинской, от которой берут позволение и за границу на разбой ходят»16. Вялікі гетман Міхаіл Радзівіл назваў сведчанні свайго пасланца справядлівымі. Сам Агінскі спрабаваў абараніцца ад падазрэнняў. Яшчэ ў 1744 г. ён паведамляў, пгго ўцекачы знайшлі прытулак ... у Персіі і Швецыі. У 1749 г. ён разам з Чартарыйскім абвясціў, што «впервые слышит об учреждении пограничных судов собственною властью стр. 427 Полоцкого воеводсгва без ведома короля». Рады ім не далі, а Элеанора Агінская дала 29 ліпеня 1752 г. 500 талераў брыгадзіру Табольскага драгунскага палка Баўману, які прыбыў у Невель, але ўцекачоў прыхавала. Распачалося следства, да якога прыцягнулі нават тамтэйшых яўрэяў. Некалькі сялян з вёсак Радзівохі і Карлава паказалі, што Агінская ведала пра ўцекачоў, бо яны ёй прыносілі падарункі з нарабаванага за мяжой. Селянін Харытон Жарнасечанка сцвярджаў, што слугі Агінскай, Яцын і Бенет, «с ворами пили и гуляли и оным помощь и совет подавали»17. Тая справа набыла дзяржаўнае значэнне. Пад націскам Пецярбурга і хадайніцтва шляхты ВКЛ Аўгуст III выдаў універсалы ад 4 студзеня і 8 чэрвеня 1755 г., якімі абвясціў усіх расійскіх уцекачоў злачынцамі, «якія хаваюцца для разбояў і зладзейскага крадзяжу». Хоць кароль ані словам не спамянуў тых, хто прыхоўваў уцекачоў, але ён прапанаваў службовым асобам Вялікага Княства не прымаць новапасяленцаў і забараніў іх укрыццё. Ваяводскім і павятовым уладам даручалася выбраць на будучых сойміках пагранічных камісараў, якія павінны былі не радзей як два разы на год мець чатырохтыднёвыя сустрэчы з расійскімі прадстаўнікамі. Усе прэтэнзіі апошніх належала разабраць праз земскія і гродскія суды. Выяўленых уцекачоў прадбачылася вывозіць пад узброенай вартай віленскага ваяводы, гетмана і князя Міхаіла Радзівіла. Але ў Пецярбургу з незадавальненнем адзначылі, што ў тых маніфестах гаварылася толькі пра выдачу «воров и воинских дезертиров, да чтоб впредь никаких беглецов не принимать и не держать, а чтоб всех простых беглецов доныне в Польше и Литве живущих выдавать, того в универсалах не выяснено». На адпаведны дыпламатычны націск «министерство литовское весьма отговорилось в том озлоблением на себя всего шляхетства и чтоб замешательства между оным оттого не произошло»18.

Судовы парадак рэгулявання памежных спрэчак сарваўся хутка. У лістападзе 1755 г. пагранічны суддзя Полацкага ваяводства Антон Гласко паведаміў, што канцлер ВКЛ Міхаіл Чартарыйскі не фінансуе ўтрыманне сувдзяў, бо абраныя яны ваяводскай шляхтай самавольна, «а не его королевского величества указом». Таму Гласко адмовіўся чыніць свае абавязкі настр. 428  грамадскіх пачатках19. Інфлянцкія магнаты Казімір Плятар і Ідзі Гільзен не падпарадкоўваліся суддзям ... з-за неатрымання каралеўскага дазволу на выбар суддзяў.  Расійскі камісар Дзяніс Паноў меркаваў, што суседзі наўмысна адцягваюць судыда генеральнага сойма Кароны і Княства, каб іх «вовсе уничтожить, отчего бы способнее могли они довольствоваться как от ушедших и вновь уходящих из России в Польшу российских беглецов собираемыми доходами»20. Яго меркаванне было слушным. Пасля зрыву ў студзені 1756 г. грамнічнага сойміка ваяводства перапіска паміж памежнымі камісарамі спыняецца, а ў красавіку расійскі бок зачыняе фарпосты. У верасні занепакоены Паноў піша, што «из России в Польшу беспрерывно побеги более умножаются» і што нават ахоўныя каманды з фарпостаў «в Польшу дезертируют»21. Крыху пазней — у 1762 г. — пскоўскі секунд—маёр Снавідаў паведамляў у замежную калегію, што расійскія ўцекачы, «отступая от православной церкви, целыми деревнями со всеми своими пожитками и скотом дезертируют, а удержать их от того побегу никаким образом невозможно». Ён пісаў, што мігранты «чрез лесные наставления находятся тамо из здешних же беглецов той ереси (беспапоўцаў ЯЛ.) лжеучителей». Снавідаў застрашваў урад наступствамі бегства, калі «столько теперь умножилось в Польше беглецов, что и умещать уже им на своих землях негде, то многие природных своих крестьян в чужие маетности отпускают и на те места российских поселяют, другие ж, которые только имели одной земли по малому числу и сами пахали, ныне от содержания беглецов здешних, разбогатясь получаемыми от них доходами, приумножили земель и имеют те маетности, да и жиды по нескольку у себя в услуженьи держат»22.

У гэтых умовах расійская замежная калегія на пасяджэнні 6 траўня 1755 г. вырашыла ўмацаваць мяжу засекамі ў выглядзе канаваў, узмацніць склад штатных камандаў, падпарадкаваць фарпосты непасрэдна военачальнікам гарнізонаў найбліжэйшых гарадоў. Вялікалуцкі ўчастак узначалілі маёры Іван Чэлішчаў і Флор Нелядзінскі, пскоўскі — секунд-маёр стр. 429 Васіль Ламакоў (з 1761 г. Гарас Снавідаў), наўгародскі — палкоўнік Дзяніс Паноў з калежскім асэсарам Васілём Колатавым. Участкі аб'ядналі ў генеральныя камісарствы. Вялікалуцка-пскоўскі ўзначаліў Дзяніс Паноў, смаленска— віцебскі (у апошнім камісарыў ротмістр Якаў Пацёмкін) — палкоўнік Уладзімір Друцка—Любецкі. Ваенныя камісары маглі непасрэдна зносіцца з замежным шляхецтвам, а ў надзвычайных здарэннях, да ўсталявання пагранічных судоў, зносіны здзяйсняліся толькі з каронным і літоўскім гетманамі. Увядзенню згаданых мерапрыемстваў папярэднічала рэвізія фарпостаў і нанясенне на планы ўсіх «к тайному проходу мест».

Асаблівая ўвага пры гэтым аддавалася інфлянцкаму напрамку з прычыны барацьбы за Курляндскае герцагства. План адпаведнага участка мяжы, складзены інжьшер-падпаручнікам Іеўлевым і кандуктарам Барысавым пад кіраўніцтвам брыгадзіра Рыдэра, быў пададзены графу Пятру Шувалаву 11 студзеня 1755 г. Адначасова спецыяльны агляд мяжы выканаў згаданы Паноў, які меў пашпарт на перасячэнне мяжы для каардынацыі карных мераў супраць выхадцаў. У прыватнасці, яму даручалася рашуча адхіліць абвінавачванне расійскай пагранічнай варты ў пропуску ўцекачоў за хабар. Чартарыйскаму, які сцвярджаў менавіта гэтае, прапаноўвалася выдаць «хотя одного российского беглого такого, который ему сказал, что через форпосты за деньги пропускается». У завяршэнні тае інструкцыі ваенная калегія Расіі абвяшчала, што «если беглых через год, а по крайней мере хотя и в два года выдано и выслано не будет, то для забрания оных, яко собственных своих природных подданых... имеют быть из России отправлены туда нарочныя воинския команды»23.

Рэвізія Панова высветліла, што на фарпостах вартаўнікі стаялі ў непагадзь на капанчах вышынёй па 10-12 сажняў (20-24 м), непрыстасаваных для жыцця. Неадлучна на месцах знаходзіліся толькі самыя немаёмныя. Іншыя набіраліся з дробных дваран, якія гасцявалі «в польских деревнях» зусім па— хатняму. 15 ліпеня 1755 г. Паноў паведаміў, што ў Інфлянтах, «исключая ксендзов и тамошней шляхты и жидов, почти все поголовно русские». Значыць, было дастаткова жадання «некоторых» мясцовых памешчыкаў, каб паслаць туды войскі. Стр. 430 22 верасня 1755 г. ваенная калегія ўхваліла ідэю пагоні за ўцекачамі ўглыб на 50 вёрстаў24. Але інтэрнаваць выхадцаў аказалася цяжка нават пры выразна жорсткіх сродках. Тады царскія ўлады сталі на шлях больш вытанчаны. 2 студзеня 1756 г. генеральным камісарам выдалі маніфесты на польскай і лацінскай мовах (пазней будзе далучана і французская) «для разглашения в польской области благосклонным помещикам» пра амністыю ўцекачам. Абвяшчаць іх мелася з 1 лістапада 1757 г.25

Аднак з выяўленых справаў відаць, што прапагандаваць талерантнае аблічча Пецярбурга распачалі менавіта новаствораныя камісарыяты. З'езд Віцебскай камісіі з удзелам суддзяў Віцебскага ваяводства Яна Азанчэўскага, Сімона Міткевіча і Міхаіла Мікошы адбыўся 12 чэрвеня 1755 г. Віцебскія камісары тады выдалі 11 уцекачоў з г. Віцебска, але «настоящих, у них домами живущих, выдавать отказались». Давялося замежнай калегіі да студзеня 1763 г. растэрміноўваць маніфест пра амністыю ўцекачам і шукаць шляхоў яго распаўсюджвання ўжо на трох мовах на месцах найболыпай канцэнтрацыі ўцекачоў26. Але дэкларацыі паходзілі на марны лямант. Царскую літасць з разумением абвяшчалі толькі з дапамогай Маркава праваслаўнага манастыра. Згодна паведамленню Мікошы ад 2 траўня 1761 г., царскі маніфест ён загадаў прыбіць да дзвярэй усіх цэркваў, а ў Віцебску амністыю абвяшчалі з барабанным боем. Між тым ураднікі Віцебскага і Полацкага ваяводстваў увесь той час чакалі інструкцый сойма, гетмана і вялікага канцлера для выбару пагранічных суддзяў і для аднаўлення нават папярэдніх камісіяў. Камісія ў складзе рэгістратара і перакладчыка Дзям'яна Ванклярскага, двух жаўнераў і 4-х паручнікаў пры мізэрным утрыманні аказалася віцебскаму шляхецтву стратнай і таму існавала сімвалічна. Вынікам яе намаганняў стала паведамленне ў 1761 г. пра тое, што 55 уласнікаў Віцебскага ваяводства хаваюць 1310 мужчын і 591 жанчынаў расійскіх уцекачоў, ды яшчэ 2045 невядомых. 3 гэтай колькасці на заклікі барабанаў да чэрвеня 1762 г. адгукнулася толькі 27 чалавек.

Бясплённасць сваіх намаганняў падсумаваў і галоўны камісар смаленскай пагранічнай камісіі князь стр. 431 УладзімірДруцкі-Сакалінскі, якому дапамагалі з сакавіка 1755 г, падстолі і ротмістр Казімір Ілініч, шляхціч Раймонд Шпілеўскі. Звесткі пра месца знаходжання ўцекачоў тут бралі на допытах сялян, нярэдка пад катаваннем27. Да кастрычніка 1755 г. камісары склалі спіс на 11847 уцекачоў за мяжой. Аператыўнаму вышуку іх праз судовыя інстанцыі ВКЛ, на думку Друцкага- Сакалінскага, перашкаджалі кароткія тэрміны судовых сесіяў, бо калі «по Статуту 1588 года беглых судами доходить, то разве на каждом съезде об одном беглом человеке одно определение получить можно ль и то чрез столько позвов и чрез декреты им по окончанию привести невозможно». Добраахвотнікаў на вяртанне, пісаў ён, «пристанодержатели» ўтрымліваюць з дапамогай калектыўнага заложніцтва: здаюць на парукі аднавяскоўцам, высяляюць у далёкія вотчыны і г.д. Асабліва марнымі пошукі аказваліся таму, што ад дробнай шляхты «как им старинные, так и российские беглые люди и крестьяне под закрытие больших владельцев переходят ижительство имеют за знатными вельможами»29.

Утварэнне генеральных камісарстваў не спыніла памежных канфліктаў. То дваране Пустаржэўскага павета скардзяцца на літоўскіх сялян, якія ў вёсцы Галузіна пажалі жыта і набілі мясцовых вяскоўцаў. То літоўскія сяляне наракаюць на пустаржэўскіх сялян, якія той самы кавалак зямлі лічылі ў сваім аброкавым трыманні (1759 г.). То ў віцебскага памешчыка Рыпінскага ўкралі каня і ён мусіў яго выкупляць. То ён крадзе дваровых на процілеглым баку і за стратай гоняцца 20 жаўнераў (1762 г.). Тыя рэйды праходзілі з сапраўднымі баямі. Да прыкладу, у лістападзе 1762 г. Дзяніс Паноў паслаў роту Варонежскага драгунскага палка шукаць уцекачоў у маёнтку Корсака, што ў Віцебскім ваяводстве. У вёсцы Шаткова удалося захапіць 15 чалавек, але ў іншых вёсках уцекачоў адбілі з праліццём крыві30. Пэўным чынам абагульняльную характерыстыку памежных канфліктаў у 1762 г. выказаў той самы Паноў. Ён пісаў, што ад прыходу з-за мяжы «великих партий во многих псковских деревнях так частые грабительства и воровства беспрерывно умножаетца, что не может пройти ночь единая, чтоб по прошествии оной слух не носился или о стр. 432 разбитых помещичьих и обывательских домах и пограбленных из них всяких пожитках или о выломанных клетях крестьянских по унесённой всякой рухляди и сьестных припасах, вещах или покраденных лошадях и скоте. Сверх того, оные беглецы не токмо тайным образом подговаривают и уводят к себе всякого звания людей, но и явно карауля по дорогам и с поневольным принуждением захватывают крестьян, баб и девок и в непроходимые леса к своей ватаге отвозят, отчего российские бросают работы и только думают о защищеньи и содержат день и ночь караулы»31.

Такім чынам, у першай палове XVIII ст. паўночна-ўсходняя мяжа Вялікага Княства Літоўскага служила трывалай перашкодай натуральнаму праву падданых суседніх Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі на свабоднае месца жыхарства. Галоўным заняткам памежнай аховы з абодвух бакоў было рэгуляванне барацьбы дваранска-шляхецкіх колаў за рабочыя рукі падаткаплацелыпчыкаў і рэкрутаў. Па сутнасці, двухбаковыя ахоўныя меры рашуча падтрымліваў расійскі двор. Улады ВКЛ не спрыялі стварэнню і дзейнасці памежных камісій. Расійскія ўцекачы мелі магчымасць на аселае замацаванне і асіміляцыю з карэнным беларускім насельніцтвам. Афіцыйная мэта камісій — пошук ўцекачоў і вяртанне іх гаспадарам — не мела шанцу на поспех.

1. АЗПРІ. Ф.21, 1725. Спр.1. арк. 7, 14, 28-35

2. Тамсама, 1724, с.1, арк.1,1731-1741, с.1, арк.5

3. Тамсама, 1731, с 1, арк.19 адв

4. Тамсама, 1734-1741, с.1, арк.166

5. Тамсама, 1738, с. 1, арк.З адв., 54, 96, 194

6. Тамсама, с. 10, арк.ЗЗ адв

7. Тамсама, с.1, арк.59, 61, 207, 253

8. Тамсама, 1743, с.1, арк. 3, 4, 18, 33 адв., 57

9. Тамсама, 1744-1756, с.1/В, арк.9, 85

10. Тамсама, 1746, с.З, арк,7

11. Тамсама, 1744-1756, с. 1/В, арк.43-57

12. Тамсама, 1744-1756, с.І/В, арк.171

13. Тамсама, 1744, c.l/Б, арк.26 адв

14. Тамсама, 1746, с.З, арк.17-18

15. Тамсама, 1734-1741, с.1, арк.78, 177-178; 1743-1763, С. 1, арк. 141

16. Тамсама, арк.143

17. Тамсама, 1744, c.l/Б, арк.5б, 70, 81, 143

18. Тамсама, 1743-1763, с.1, арк.211, 232 адв

19. Тамсама, 1755-1757, с.2, арк.2 адв., 43

20. Тамсама, арк.137, 145

21. Тамсама, арк.178, 180, 193

22. Тамсама, 1734-1741, с.1, арк.345 адв

23. Тамсама, ф.21, воп.6, с.52, арк.4-4 адв

24. Тамсама, 1755-1757, с.2, арк.51-52 адв., 96, 116

25. Тамсама, арк.96

26. Тамсама, 1743-1763, с.1, арк.324

27. Тамсама, 1755-1763, с.1, арк

28. Тамсама, 1755-1757, с.1, арк.32 адв

29. Тамсама, 1755-1763, с.1, арк.3б-3б адв

30. Тамсама, 1743-1763, с.1, арк.349-350

31. Тамсама, 1755-1763, с.1, арк. 162-286, 280

The border of the Grand Duchy of Lithuania in the documents of boundary commissions (the 1st half of the 18th century)

Jaiihien Aniscanka

The article is based on the little known documents of the Collegium of Foreign Affairs of the Russian Empire relating to the conflicts on the border with the Grand Duchy of Lithuania during 1720-1770. In controversy with Russia the Grand Duchy defended its federative autonomy as a part of the Commonwealth with Poland; and this complicated the adjustment of diplomatic relations. In boundary controversies the main attention was concentrated on the escapes of Russian peasants to the territory of the Grand Duchy where they find salvation from heavy taxes, from press of recruiting, and from religeous persecution. The landlords used the migrants to colonize (to people) their own estates and frequently to promote further enticing of boundary inhabitants from Russia. Landlords and officaials resisted to the demands of the central administration of the Commonwealth under the pressure of the Russian side to extradite fugitives. The Russian side persistently fortified military defence of its border. Nevertheless, such one-sided measures couldn't stop migration.

The next group of interrelations between the states touches commercial relations along the Dzvina river and land ways. The moot points were the following: transit of goods, customs and mutual debts between the merchants of Shklou and Russian towns. All the boundary conflicts in their sharp form are reflected in the documents of the Collegium till 1760. It may be so because of the fact that after coming to the throne of Stanislau Paniatouski St.Petersburg had oriented itself to other ways of solving those acute problems.

Беларускі гістарычны агляд. Снежань 1998. Т.5. Сшытак 2 (9). С. 419-433