Я аднолькава добра маляваў Леніна і калгаснага каня, але вырашыў заняцца гісторыяй

 

(сустрэча са старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Яўгенам Канстанцінавічам Анішчанка з нагоды выхаду у свет кнігі “Яўрэі Беларускай губерні”)

--Яўген Канстанцінавіч, зусім відавочна, што вашы поспехі як навукоўца-гісторыка абумоўлены духоўнай свабодай—тым, што вы не прыстасоўваецеся, не імкнецеся дагадзіць, капаеце глыбока і шчыра. У вашых навуковых вывадах няма ні кроплі хлусні, адчуваецца сапраўдны талент. Адкуль гэта ?

--Відаць, у мяне спрацоўвае тое, што закладзена прыродай. Я шчаслівы, што вырас на прыволлі. Жыхароў нашайвёскі Бранцава, што на Аршаншчыне, называлі кітайцамі. Відаць, з-за шчыльнай яе заселенасці—у вёсцы жыў інттэнацыянал. І калі ўлічыць, што ўсё лепшае ў нас закладзена ў дзяцінстве, то свабоду я спазнаў менавіта ў тую пару: шчырае сяброўства, гульні да цемнаты, ніякіх памкненняў, каб вызначыцца вучобай. Былі, праўда, схільнасці да малявання—я аднолькава добра маляваў Леніна і калгаснага каня,--і мой бацька Канстанцін Дзянісавіч, калгасны аграном, ветэран вайны, удзельнік Сталінградскай бітвы, вырашыў гэта скарыстаць: палічыў гэта дастатковым, каб аддаць мяне ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. Маці, Ганна Рыгораўна, палявод, магчыма, у душы была супраць ранняго майго ад’езду з дому, але , як любая маці, “светлай” перспектыве не пярэчыла. Так, у свае трынаццаць гадоў з далёкай Аршаншчыны я апынуўся ў Мінску. Тут было страшна. Аказалася, што іспыты трэба будзе здаваць на рускай мове,што для вясковага вучня ў той час было вялікім горам. Я плакаў ад роспачы, бо ўсе прадметы дома выкладаліся ў нас на роднай..

Вучыўся жывапісу ў класе мастака Пятра Свентахоўскага.

У 10-м класе мая класная кіраўніца, “другая мама” Гера Генадзьеўна Ледзянёва заўважыла ў мяне схільнасці да гуманітарных прадметаў. Па яе парадзе я прадпрыняў спробу паступіць на аддзяленне філасофіі гістфака БДУ, але не хапіла балаў—і я зноў плакаў. Заўважыўшы такі шчыры мой парыў да марксісцка-ленінскай філасофіі (другой у той час не было) дэкан гістфака Іраіда Іосіфаўна Царук выклікала мяне і прапанавала кампраміс: я буду залічаны на факультэт, але пры ўмове, што буду займацца выключна маляваннем нагляднай агітацыі. Так “па блату” я і быў залічаны . І маляваў многа, настолькі многа, што абрыдла.

--Чаму ж не кінулі ?

--Падумваў ужо, ды “Гісторыя” Герадота, якую я прачытаў на першым курсе, а потым твор Забеліна пра быт рускіх цароў і царыц наблізілі мяне да гісторыкаў. Вырашыў праявіць волю: што я горшы за іншых аднакашнікаў ? Упёрся, адным словам…Так і скончыў універсітэт у 1978 годзе гісторыкам.

--І гэта пры тым, што вы даволі сціплы чалавек. Ну, а яўрэі, яўрэйства ? Гэта што, зноў выбрыкі ці нешта іншае ? Што, іншых тэм не было..А мо, вы самі …ў сёмым калене ?

--А Вы ? Беларускі журналіст адрозніваецца ад іншых тым, што не ведае ўласнай гісторыі. Яўрэі—нацыя, з якой беларусы пражылі не адно стагоддзе, нацыя, якая шмат зедала пакут на нашай зямлі. У мінулым абставіны прымушалі яўрэяў дзейнічаць выключна з пазіцыі выжывання. У іх былі і бедныя і багатыя, але з’яднаныя адной рэлігіяй, адной верай яўрэі здолелі выжыць. У час Першай сусветнай вайны ў Мінску яны ахверавалі значныя сумы сем’ям салдат, удовам і калекам. Хто зараз пра гэта ведае ?

Першы раз я ўбачыў і запомніў яўрэя ў асобе картавага фурмана, які перыядычна заязджаў збіраць у вёску рыззе і адорваў за яго дзяцей прыгожымі свістулькамі-пеўнікамі і гумовымі шарыкамі. Мы, дзеці, чакалі яго як Месію !

Сур’ёзна яўрэямі зацікавіўся ў апсірантуры у 1986 г., калі заняўся падзеламі Рэчы Паспалітай і зразумеў, што яўрэйскую тэматыку нельга выключаць,калі мы хочам панарамна, аб’ектыўна разабрацца ў тым, што адбывалася на Беларусі на рубяжы стагоддзяў, пачынаючы з 1772 года.

Першая праца пра яўрэяў “Черта оседлости”, (1998 г.) напісана мною мэтанакіравана і нават прадузята ў тым сэнсе, што збіраючы для яе архіўны матэрыял, я імкнуўся абвергнуць распаўсюджанае сцвярджэнне, што не дзяржаўцы, а цывільныя маскоўскія купцы былі ініцыятарамі дыскрымінацыі яўрэяў у 1791 годзе, маўляў, па іх хадайніцтву расійскі ўрад забараніў пасяленне яўрэяў унутры Расіі. Аднак архіўныя дакументы паказалі, што рыса аседласці была ўведзена менавіта расійскім урадам.

Згаданую кнігу прыхільна сустрэлі як у Беларусі, так і за мяжой. Лонданскі гісторык Джон Кліер у працы “Россия собирает своих евреев” цытуе яе даволі шчодра. Для вучонага гэта лепшае прызнанне.

--Гэта сапраўды важны навуковы вывад. Што ж можна было да яго дадаць ?

--Перш за ўсё другая кніга –“Яўрэі Беларускай губерні”—пашырае нашы веды аб гісторыі Беларусі. У ёй упершыню друкуюцца дакументы рэвізіі расійскага паэта і сенатара Дзяржавіна, якія два стагоддзі лічыліся страчанымі (магчыма, іх проста не хацелі абнародваць). Мне пашчасціла натрапіць на іх у адным з маскоўскіх архіваў. Вось якая карціна вынікае з іх чытання. Да імператара Паўла 1 даходзяць чуткі аб тым, што далучаныя Кацярынай 11 да Расіі беларускія губерні церпяць голад. Для высвятлення, ці не маюць да гэтага адносіны яўрэі, манарх пасылае на месца Дзяржавіна. Пад час інспекцыі Дзяржавіну даносяць аб тым, што і сапраўды яўрэяі ў корчмах спайваюць народ, акручваюць яго даўгамі, разараюць. Прапануецца адзінае выйсце—выселіць яўрэяў з вёсак, адабраць у іх гарэлачны промысел. У Дзяржавіна пайшла галава кругам: як жа можна зачыніць вінакурні, калі мясцовыя памешчыкі, расійскія дваране атрымліваюць ад гарэлкі больш паловы сваіх даходаў. Як выгнаць яўрэяў з мястэчак і вёсак, калі за знос жылля трэба заплаціць кампенсацыю і даць грошы на новабудоўлі ? Як выселіць іх адтуль, куды яны сяліліся па прывілеях каралёў і панскіх кантрактах, пры тым, што імператар абяцае захаваць старыя польскія традыцыі і тытулы ? Многія з яўрэяў на той час ужо мелі годнасці, роўныя саветнікам і нават сенатарам ! было над чым паламаць галаву Дзяржавіну.

Аб гэтым і сведчаць дакументы, змешчаныя ў кнізе.

Я рады, што “Яўрэі Беларускай губерні” пабачылі свет ў прыватнага беларускага выдаўцы, яго асабістымі фінасавымі намаганнямі, што здымае пытанне аб нейкай заангажаванасці мяне, беларуса, нейкімі закуліснымі яўрэйскімі фаварытамі ці арганізацыямі.

--Ваша ацэнка сучаснага стану айчыннай навукі ?

--Бачу прычыну бяды айчыннай гістарычнай навукі ў тым, што тыя, хто дзесяткі гадоў пісаў панегірыкі КПСС, вымушаны перапісваць іх у адваротным накірунку, гэта значыць, што спатрэбіцца яшчэ столькі ж часу, каб засвоіць вялікі архіўны матэрыял па грамадзянскай гісторыі Беларусі. Стан сучаснай гістарычнай навукі ўяўляе карову, якая жуе жуйку(перажоўвае ўжо даўно вядомае і набытае). У бліжэйшы час новыя і цікавыя гістарычныя працы будуць з’яўляцца выключна дзякуючы саадданасці даследчыкаў-адзіночак. Выхад такіх твораў у свет могуць забяспечыць выключна недзяржаўныя выдавецтвы.

--Над чым працуеце зараз ?

--нягледзячы на тыя працы, што ўжо пабачылі свет, працягваю пісаць пра паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Магутнасць таго ўзрушэння падцвярджаецца ўсё новымі і новымі дакументамі. Ёсць яшчэ шмат задум і планаў.

--Яўген Канстанцінавіч, добрай справе молім збыцца.

Гутарыў Ясь Касіловіч

Краязнаўчая газета. № 19 (36), май 2004 года.