Пра стварэнне генеральнай карты да Вялікага гістарычнага атласа

Пра стварэнне Генеральнай карты Беларусі ў 18 стагоддзі да Вялікага гістарычнага атласа Беларусі. Том 2.

Ніжэй падаюцца прадмова да Генеральнай карты ”Беларускія землі ў канцы XVIII ст”, якую я напісаў асабіста пры здачы усіх аркушаў Генеральнай карты са спісамі населеных пунктаў да іх В. Насевічу і таксама той варыянт, які В. Насевіч перарабіў на свой капыл, каб зрабіць і сябе сааўтарам тае карты. Прыкладаецца таксама рэцэнзія, напісаная В. Голубевым.

“Беларускія землі ў канцы XVIIIстагоддзя

Генеральная карта адлюстроўвае вынікі шматгадовай дзейнасці аўтара па зборы, сістэматызацыі і лакалізацыі звестак па гісторыі населеных пунктаў беларускіх зямель другой паловы XVIII ст. Папярэднія вынікі гэтай працы ўвасобіліся ў карце “Беларусь у у другой палове XVIIIст”. маштабу 1500000, выдадзенай у рамках Нацыянальнага атласа Беларусі, а таксама карце “Вялікае княства Літоўскае (сярэдзіна XVIII ст.)” маштабу 1:200000, што выйшла ў першым томе “Гістарычнага атласа Беларусі ў 2008 г.” Гэтыя выявы ўпершыню прадстаўляюць рэканструкцыю адміністрацыйна –тэрытарыяльнай будовы і размешчанай унутры ваяводстваў і паветаў структуры зямельных уладанняў па відах уласнасці. Мэтай дадзенай карты ставілася прадставіць у абраным маштабе максімальна поўны звод паселішчаў на момант першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.), якія згадваюцца ў гістарычных крыніцах другой паловы XVIII ст.

Пры стварэнні карты выкарыстоўваліся выключна ненадрукаваныя архіўныя пісьмовыя крыніцы, якія, на жаль, яшчэ не сталі прадметам капітальнага навуковага вывучэння і адпаведнага буйнамаштабнага картаграфавання, нягледзячы на шэраг спецыяльных напрацовак іншых аўтараў, у тым ліку і польскіх даследчыкаў, якія даўно цікавіліся картаграфічнымі выявамі 18 стагоддзя адносна тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Трэба адзначыць, што ў згадваемы час такіх крыніц маецца дастаткова і яны рознастайныя. У храналагічнай паслядоўнасці самыя масавыя з іх наступныя.

На сярэдзіну XVIII ст. гэта матэрыялы рэвізіі (люстрацыі) дзяржаўных уладанняў (старостваў, каралеўскіх эканомій) 1765-1766 гг., праведзенай па усёй тэрыторыі ВКЛ з азначэннем як іх межаў, так і складу паселішчаў. Гэта дазволіла практычна поўнасцю улічыць на карце структуру дзяржаўнай маёмасці за выключэннем тых старостваў, якія налічвалі проста адну вёску і якія з-за прынятага маштабу было немагчыма адлюстраваць у іх мізэрных межах. Тым не меней, на карце змешчаны самыя паселішчы гэтых карлікавых старостваў.

Галоўнай крыніцай і фундаментам, на які абапіраецца дадзеная Генеральная карта, з’яўляюцца вопісы зямельных уладанняў ВКЛ 1775 г. (тарыфы падымнага падаткаабкладання). Вопіс гэты праводзіўся па пастанове сейма Рэчы Паспалітай 1773-1775 гг. для падліку даходаў дзяржавы пасля скарачэння яе межаў па выніках першага падзелу, ухваленага гэтым жа сеймам. Па традыцыі аб’ектам тагачаснага падліку служылі хаты (дымы) і іх уладальнікі. Такія тарыфы маюццца ў нашым распараджэнні па большасці тэрыторыі сучаснай Беларусі. Адсутнічаюць толькі тарыфы па Віцебскаму, Мсціслаўскаму ваяводствах, паколькі на гэты час яны ўжо не існавалі. Не усе наяўныя тарыфы аднастайныя. Асноўная частка іх паведамляе толькі пра уладальніка і падае назву уладання, не раскрываючы якія іншыя пасяленні ўваходзілі ў яго склад. Самыя змястоўныя –накшталт тарыфаў Брэсцкага, Мінскага ваяводства, Аршанскага і Лідскага паветаў, маюць падрабязныя звесткі пра склад уладанняў, размешчаныя ў іх цэрквы, манастыры, кляштары, корчмы. Пэўныя складанасці ўзнікаюць пры лакалізацыі гэтых крыніц, паколькі часта тарыфы гавораць некалькі разоў пра адно і тое ж пасяленне, але ў сумесным валоданні розных асоб. Гэта выяўляецца пры вывучэнні наступных крыніц, якія служылі дапаможнай падставай для рэканструкцыі падымных тарыфаў 1775 г., хаця, зразумела, што яны самі па сабе з’яўляюцца самадастатковай першакрыніцай гістарычных ведаў.

Найперш гэта вопісы парафій ВКЛ 1784-1785 гг., якія захаваліся пераважна ў рукапісы. З улікам канфесіянальнай структуры, гэтыя вопісы істотна удакладняюць падымныя тарыфы, бо дазваляюць заглянуць унутр іх сціплых запісаў У іх паведамляецца пра абшары касцельных (каталіцкіх) прыходаў з дэталёвым пералікам складаючых іх паселішчаў і разбіўкай іх на тыпы паводле адміністрацыйнага значэння (сёлы, вёскі, засценкі, ваколіцы, абрубы). Пакуль што надрукаваныя вопісы ахопліваюць так ці інакш абшары Полацкага ваяводства, Ашмянскага, Браслаўскага, Гродзенскага, Лідскага, Пінскага, Слонімскага і Мазырскага паветаў(Przyszlosckulturypolakownakresach //PraceBialystokskiegotowarzystwanaukowego/ Bialystok-Drohyczyn. 2000. № 50).

Прынцыповай крыніцай удакладненняў паслужылі матэрыялы Генеральнага межавання усходнебеларускай тэрыторыі, які па выніках першага падзелу склалі Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (губерні) і якія былі інструментальна абмежаваны ў 1783-1785 гг. Дадзенае мерапрыемства ўжо стала прадметам падрабязнага навуковага аналізу (Я. Анішчанка. Генеральнае межаванне на Беларусі.—Мн., 1996 і ён жа. Генеральнае межаванне ў Беларусі­Горкі-Магілёў.,2002) і вызначэння яго годнасці і каштоўнасці. Высветлена, што сярэдняя памылка межавых здымак дасягае 3, 26 мм. ці каля 3 % дакладнай характарыстыкі мясцовасці. Таму на дадзенай Генеральнай карце смела выкарыстоўваліся звесткі межавых атласаў, генеральных планаў і эканамічных заўваг да іх, што дазволіла з ліхвой кампенсаваць недахопы папярэдніх тарыфаў на адсутныя ваяводствы і паветы. Вельмі істотна, што згодна з афіцыйнай мэтай, мэжаванне павінна было адлюстраваць у буйным маштабе (у памеры 1:42000 для генеральных планаў на кожны павет) межы усіх наяўных уладанняў па стану на 1767 год. Таму гэта акалічнасць значна спрыяла паказу існаваўшых на момант першага падзелу паселішчаў, якія ў наступным былі перанайменаваны або зніклі ўвогуле.

Наступнай першакрыніцай служылі тарыфы чарговага падымнага ўліку, арганізаваныя Чатырохгадовым сеймам 1788-1792 гг. на усёй тэрыторыі краіны, але якія, на жаль, захаваліся не ўсе, а тым больш, з улікам тэрытарыяльных страт, не на ўсе адміністарцыйныя адзінкі. Для нас істотна, што дастаткова падрабязнымі з іх з’ яўляюцца скарыстаныя тарыфы па Лідскаму, Ашмянскаму паветах, Навагрудскаму ваяводству і інш.

У поўнай меры тут выкарыстаны картаграфічныя матэрыялы і тэкставыя тлумачэнні да іх (т. зв. эканамічныя заўвагі) Атласа Мінскай губерні 1797-1800 гг., якія нядаўна сталі прадметам вывучэння іх паходжання (Я. Анішчанка. Крыніцы і аўтары Атласа Мінскай губерні 1800 года//Тэзісы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі. Мн., 1993. Ч. 1. С. 127-132”). У гэтым жа рэчышчы аўтар звяртаўся і да адпаведных Атласаў Гродзенскай і Віленскай губерняў пачатку XIX ст. для удакладненняў па той частцы ВКЛ, якая слаба адлюстравана на папярэдніх падымных тарыфах.

У мэтах рэканструкцыі памежжа Гродзенскага павета з Каронай (Польскім каралеўствам) ужываліся буйнамаштабныя здымкі Беласточчыны Барэнвілем, што захаваліся ў рукапісным выглядзе і якія адлюстроўваюць вынікі дэмаркацыі мяжы паміж Расіяй і Прусіяй, якія яны распачалі ў 1797 г. на аснове трохбаковай канвенцыі і якія Расія саступіла Прусіі ў 1796 г.(Я. Анішчанка. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў паделах Рэчы Паспалітай.­Мн., 2003)

Замыкаюць блок скарыстаных першакрыніц інвентары ці вопісы асобных маёнткаў, што знойдзены таксама ў рукапісным стане у розных архівах Мінска, Масквы, Вільна, Львова.

Пры карыстанні усёй сукупнасцю крыніц улічваліся наступныя абставіны.

У разглядаемы час ваяводствы і паветы мелі аднолькавае самастойнае адміністрацыйнае становішча і ў публічна-прававых актах як мясцовых сеймікаў, так і вальных сеймаў Рэчы Паспалітай не гаворыцца пра іх іерахічную падпарадкаванасць. Выключэнне, хіба, складае адзін выпадак з рэарганізацыяй абшару ВКЛ паводле рашэння Вялікага сейма 1788-1792 гг., так і не ўведзенага ў жыццё з-за інтэрвенцыі 1792 г. Таму на Генеральнай карце межы ваяводстваў і паветаў ВКЛ даюцца згодна з паказаннямі крыніц, а не па гістарыяграфічнай традыцыі з 16 стагоддзя.

Інструментальныя здымкі межаў уладанняў, як ужо адзначалася, маюцца толькі на правабярэжжа З. Дзвіны і левабярэжжа Дняпра. На ўсю астатнюю тэрыторыю Беларусі скарыстаныя крыніцы дазваляюць рэканструяваць межы маёнткаў умоўна, прыблізна, на падставе складу уваходзячых у іх пасяленняў. Увогуле, немагчыма паказаць дакладныя межы ўладанняў, паколькі адсутнічаюць суцэльныя і аднастайныя крыніцы іх уліку на канкрэтны час і паколькі землеўласніцкая структура пастаянна мянялася з-за продажу, залогаў (заставы), арэнды, шлюбаў, дарэнняў і г. д.. Таму у дапаможным паказчыку да Генеральнай карты канкрэтныя пасяленні адносіліся да таго ці іншага цэнтра ўладання таксама адносна ўмоўна, з улікам гэтай мабільнасці землеўладанняў.

Вядома, што ў палітычна-гаспадарчым жыцці краіны вялікае значэнне мела дыферэнцыяцыя фармальна роўнай шляхты на шараговую шляхту дробных засценкаў і ваколіц і саноўнікаў, валадароў вялізных латыфундый. За магнатаў у літаратуры прыняты ўладальнікі больш 1 тыс. двароў ці больш 3500 мужчынскіх або рэвізскіх душ (Козловский П. Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в в. Мн., 1982). Да валадароў такіх зямельных комплексаў у адпаведнасці з выкарыстанымі данымі масавага ўліку аднесены роды Агінскіх, Аскеркаў, Гільзенаў, Галынскіх, Жабаў, Завішаў, Зіберхаў, Любамірскіх, Платэраў, Пацэеў, Патоцкіх, Радзівілаў, Сангушкаў, Сапегаў, Салагубаў, Тышкевічаў, Храпавіцкіх, Храптовічаў, Чартарыскіх, Шчытаў, Шадурскіх, Юдыцкіх. Для нагляднай дэманстрацыі асабліва буйныя магнацкія вотчыны –накшталт найбольш часта сустракаемых у крыніцах “княстваў” і “графстваў”--вылучаны на карце ў іх межах.

Населеныя пункты у разнастайных вопісах таксама маюць сваю класіфікацыю­ гэта сёлы, сельцы, засценкі, ваколіцы, абрубы, пустыні, вёскі, мястэчкі, гарады. Каб на блытаць карыстальнікаў карты, на ёй паказаны толькі гарады, якімі былі цэнтры ваяводстваў і паветаў, мястэчкі, ці пасяленні гарадскога тыпу, вёскі, у якіх звычайна пражывала паднявольнае працоўнае сялянства, і засценкі-ваколіцы, насельнікамі якіх былі асабіста вольныя шляхцюкі. Назвы пасяленняў прыведзены з улікам правіл сучаснай арфаграфіі, а ў геаграфічным дапаможніку падаюцца і варыянты гістарычных назваў, якія прывязаны да сучаснай адміністрацыйнай прасторы. Гэту працу па ідэнтыфікацыі выканаў В. Насевіч.

Першымі на карце рэгістраваліся тыя з пасяленняў, якія захаваліся да нашых дзён і якія адлюстраваны на сучасных картах маштабу 1: 200000. Для ўпэўненасці населеныя пункты папярэдне былі нанесены на карты маштабу 1:100000, у выніку чаго вызначалася ўся адміністрацыйная сетка і складаючая іх канфігурацыя паселішчаў. Пры адсутнасці пэўнай вёскі на сучаснай карце праводзілася лакалізацыя іх на падставе шырокапрызнанай сваёй дакладнасцю “трохвёрсткі”, або “Ваенна-тапаграфічнай карты Еўрапейская Расіі” маштабу 1:126000 сярэдзіны 19 стагоддзя. Гэта дазволіла досыць упэўнена атаясаміць і лакалізаваць шмат сучасных назваў штучнага паходжання (накшталт Пралетарская Слабада або Слаўгарад) з сапраўднымі старадаўнімі пасяленнямі. Выпадкі супадзення старадаўніх і сучасных назваў на карце часта азначае проста факт размяшчэння паселішча на тым ці іншым месцы або паблізу яго згодна з узятым маштабам і ўмоўнасцю паведамлення крыніц.

Уласніцкая прыналежнасць паселішчаў пазначалася колерам умоўных знакаў (пунсонаў) карты. Дзяржаўныя ўладанні ў адпаведнасці з тагачаснай практыкай паказаны у двух тыпах- у якасці каралеўскіх эканомій, даходы з якіх ішлі на ўтрыманне манарха, і староствы, якія раздаваліся каралямі на розных умовах у карыстанне прыватным асобам. Хаця на працягу другой паловы 18 стагоддзя адбыліся канфіскацыі і шырокія раздачы дзяржаўных уладанняў, аднак задачы па адлюстраванні гэтага працэсу пры выкананні карты не ставіліся. У дапаможным паказальніку даецца таксама дыферэнцыяцыя ўладанняў царквы на разнавіднасці іх трымання праваслаўным, уніяцкім або каталіцкім духавенствам. Яшчэ большая стратыфікацыя, што дазваляюць зрабіць крыніцы, магла б толькі ускладніць карыстанне картай. Розначасоваць зямельнага ўліку на скарыстаных крыніцах не дазволіла пазначыць роўнамерна абшары прыходаў і іх цэнтры. Гэтай мэце не цалкам задавальняе і спецыяльная праца польскага даследчыка В. Літака, якая суправаджаецца адпаведнай картай па стану на 1772 г.(LitakW. KosciolywshodniewRzeczypospolitejokolo 1771 roku. Lublin,1998). На дадзенай Генеральнай карце ўпершыню самым падрабязным чынам прыводзіцца тэрытарыяльнае размяшчэнне святынь ­цэркваў, касцёлаў, манастыроў і кляштараў з пазначэннем, калі гэта было магчыма, іх колькасці ў пэўным населеным месцы. Зразумела, што карту істотна ускладніла б дэманстрацыя змен веравызнальнай прыналежнасці святынь у выніку неаднаразовай рэлігійнай канверсіі ўладаў.

Паштовыя дарогі (тракты) з іх станцыямі падаюцца ў адпаведнасці з вопісам скарбовай камісіі ВКЛ за 1767 год, а таксама зменамі, якія ўнеслі ў маршруты расійскія ўлады па стану на 1777-1782 гг.

Маштаб карты, розная шчыльнасць папярэдняга засялення і асваення тэрыторыі, акрамя згаданых асаблівасцей крыніц, абумовілі тое, што на дадзенай карце ўдалося амаль поўнасцю змясціць населеныя пункты ніжэй умоўнай лініі Ваўкавыск-Навагрудак-Мінск-Орша. На вышэйляжачай прасторы гэта не ўдаецца зрабіць. З улікам усяго згаданага на Генеральнай карце размешчана звыш 21 тыс.паселішчаў, што складае каля 44-45 % іх колькасці на канец 18 стагоддзя у адпаведных адміністрацыйных межах”.

Я. Анішчанка

Умоўныя абазначэнні на Генеральнай карце

“Беларускія землі ў канцы XVIIIстагоддзя”

Населеныя пункты

­Вільня сталіца Вялікага княства Літоўскага

­Мінск –цэнтры ваяводстваў і паветаў

­Нясвіж-цэнтры уладанняў

­ Гарады

­ Мястэчкі

­Вёскі

­ Засценкі і ваколіцы

­ Цэнтры парафій

­Касцёлы каталіцкія

­Цэрквы праваслаўныя

­ Цэрквы ўніяцкія

­Манастыры праваслаўныя

­Манастыры ўніяцкія

­Кляштары каталіцкія

Уладанні паводле тыпу уласнасці

­дзяржаўныя

­царкоўныя

­шляхецкія

­магнацкія

Межы

­дзяржаў

­Рэчы Паспалітай

­ВКЛ

­Ваяводстваў і паветаў

­маёнткаў

­Сучасная граніца Беларусі

­

­Паштовыя дарогі (тракты)

­ паштовыя прыпынкі (станцыі

А вось навацыі В. Насевіча:

“Прадмова да Генеральнай карты

Генеральная карта адлюстроўвае сённяшні стан ведаў па гісторыі населеных пунктаў у азначаны час. У параўнанні з аналагічнай картай у першым томе, прадстаўлена значна больш паселішчаў: звыш за 22 тысячы, з іх 17348 - на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Гэта — крыху менш за палову ад іх тагачаснай колькасці. Узровень адлюстравання неаднародны, што тлумачыцца перш за ўсё розніцай у структуры рассялення. У паўднёвай частцы беларускіх земляў (ніжэй умоўнай лініі Ваўкавыск-Навагрудак- Мінск-Орша) населеныя пункты былі больш буйнымі і размяшчаліся не вельмі шчыльна. Гэта дазволіла нанесці іх амаль поўнасцю. На поўначы, асабліва ў Падзвінні, здаўна пераважалі вельмі дробныя паселішчы, часта - памерам у некалькі двароў, а то і ўвогуле аднадворныя. Нанесці іх усе на карту масштабу 1:300000 - задача невырашальная, таму ў раёнах з пераважаннем дробных паселішчаў пазначана толькі частка іх. Прадстаўлены ўсе мястэчкі і сёлы, у якіх меліся культавыя пабудовы, і пераважная большасць цэнтраў маёнткаў. 3 шараговых паселішчаў у першую чаргу на карце пазначаліся тыя, якія захаваліся да нашых дзён і якія адлюстраваны на сучасных картах маштабу 1:200000. Пры адсутнасці пэўнай вёскі на сучаснай карце праводзілася лакалізацыя іх на падставе шырокапрызнанай сваёй дакладнасцю “трохвёрсткі”, або “Ваенна-тапаграфічнай карты Еўрапейская Расіі” маштабу 1:126000 сярэдзіны XIX стагоддзя. Калі адно ці некалькі тагачасных паселішчаў знаходзіліся на тэрыторыі буйнога сучаснага населенага пункта, гэта адлюстроўваецца ў геаграфічным паказальніку.

Назвы населеных пунктаў прыведзены ў тагачаснай форме, але з транслітэрацыяй польскамоўных напісанняў і ўлікам правіл сучаснай беларускай арфаграфіі, а ў паказальніку падаюцца сучасныя формы і адміністрацыйная прынадлежнасць на сённяшні дзень (для пунктаў за межамі сучаснай Беларусі - толькі дзяржаўная прыналежнасць). Пры наяўнасці розных варыянтаў напісання яны адлюстроўваюцца ў паказальніку. Асноўным пры гэтым лічыцца, як правіла, той варыянт, які супадае з сучасным напісаннем ці найболып блізкі да яго.

Асноўны змест Генеральнай карты адпавядае стану рэчаў напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. На гэтую дату прыведзены знешнія і ўнутраныя межы, а таксама прыналежнасць маёнткаў. Але значная колькасць крыніц, прытым найбольш каштоўных, датуецца больш познімі часамі - другой паловай 1770-х, 1780-мі і 1790-мі гадамі. Іх звесткі па магчымасці былі адкарэктаваны з улікам змен, якія адбыліся пасля 1772 г. Зразумела, не ўсе такія змены ўдалося прасачыць. Таму частка адлюстраванай інфармацыі адпавядае апошняй чвэрці XVIII стагоддзя.

На карце ўпершыню самым падрабязным чынам прыводзіцца размяшчэнне святынь: цэркваў, касцёлаў, манастыроў і кляштараў з пазначэннем іх колькасці ў пэўным населеным пункце. Па магчымасці рэлігійная сітуацыя таксама прывязана да 1772 г., без уліку змен веравызнальнай прыналежнасці ў выніку неаднаразовай рэлігійнай канверсіі.

Тамузвесткі пра прыналежнасць цэркваў і манастыроў даўніяцкайіправаслаўнай канфесіймогуць не супадаць зтым,штосцвярджаеццаў іншых крыніцах.

Пры стварэнні картывыкарыстоўваліся разнастайныя архіўныядакументы. Большасцьз іх дагэтуль небылапрадметамгрунтоўнаганавуковага вывучэння і адпаведнага буйнамаштабнага картаграфавання,нягледзячы на шэрагспецыяльныхнапрацовак,у тым ліку і польскіхдаследчыкаў.

Сярод выкарыстаныхкрыніц - матэрыялы рэвізіі(люстрацыі)дзяржаўных уладанняў(старостваў, каралеўскіх эканомій)1765-1766 гг.,праведзенай паусёйтэрыторыіВКЛз азначэннем як іхмежаў, так і складупаселішчаў. Гэта дазволіла практычна поўнасцюўлічыць на карце структурудзяржаўнай маёмасці, з улікам той акалічнасці,што некаторыя стараствы складаліся задной вёскі ііх дробныя тэрыторыіз-за прынятага маштабунемагчыма адлюстраваць дакладна.

Каштоўнай крыніцай з’яўляюцца вопісы зямельных уладанняў BKJI 1775 г. (тарыфы падымнага падаткаабкладання). Вопісы гэтыя праводзіліся паводле пастановы сейма Рэчы Паспалітай 1773-1775 гг. для падліку даходаў дзяржавы пасля скарачэння яе межаў. Такія тарыфы маюццца па большасці паветаў, за выключэннем часткі, страчанай BKJI у выніку падзелу 1772 г. Захоўваюцца яны, як і рэвізіі старостваў, у Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, а часткова (у выглядзе копій, унесеных у павятовыя актавыя кнігі) - у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. Не ўсе наяўныя тарыфы аднастайныя. Асноўная частка іх паведамляе толькі пра ўладальніка і падае назву ўладання, не раскрываючы, якія іншыя пасяленні ўваходзілі ў яго склад. Самыя змястоўныя - накшталт тарыфаў Брэсцкага, Мінскага, Аршанскага і Лідскага паветаў, маюць падрабязныя звесткі пра склад уладанняў, размешчаныя ў іх цэрквы, манастыры, кляштары, корчмы. Пэўныя складанасці ўзнікаюць пры лакалізацыі звестак гэтых крыніц, паколькі часта тарыфы гавораць некалькі разоў пра адно і тое ж паселішча, якое было ў сумесным валоданні розных асоб. Гэта выяўляецца пры вывучэнні наступных крыніц, якія паслужылі дадатковымі падставамі для рэканструкцыі сітуацыі 1770-х гг.

Найперш, гэта апісанні парафій ВКЛ1784-1785 гг. Яны істотна дапаўняюць падымныя тарыфы, часта дазваляюць удакладніць іх сціплыя запісы. У іх апісаны абшары касцёльных (каталіцкіх) прыходаў з дэталёвым пералікам складаючых іх паселішчаў, іх тыпу, уласніцкай прыналежнасці і прыблізным (часта недакладным) пазначэннем іх месцазнаходжання адносна цэнтру парафіі. Прыгадваюцца таксама павятовыя межы і дарогі, якія вялі з кожнага парафіяльнага цэнтра ва ўсіх напрамках. Апублікаваныя да сённяшняга дня вопісы ахопліваюць абшары Полацкага ваяводства, Ашмянскага, Браслаўскага, Гродзенскага, Лідскага, Пінскага, Слонімскага і Мазырскага паветаў (Przyszlosckulturypolakownakresach //PraceBialystokskiegotowarzystwanaukowego. - Bialystok- Drohyczyn. 2000. 50). Іншыя захоўваюцца ў рукапісным выглядзе ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. I. Вярнадскага.

Прынцыповай крыніцай удакладненняў паслужылі матэрыялы Генеральнага межавання ўсходнебеларускай тэрыторыі, на якой пасля першага падзелу былі ўтвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (губерні) і якая была інструментальна абмежавана ў 1783-1785 гг. Захоўваюцца гэтыя матэрыялы ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве і Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Яны былі прадметам падрабязнага навуковага аналізу аднаго з аўтараў (Я. Анішчанка. Генеральнае межаванне на Беларусі. - Мн., 1996; Ен жа. Генеральнае межаванне ў Беларусі. - Горкі - Магілёў, 2002), вызначэння іх годнасці і каштоўнасці. Высветлена, што межавая здымка вялася з высокай для таго часу дакладнасцю (пагрэшнасць не перавышае 3%). Таму на дадзенай Генеральнай карце шырока выкарыстоўваліся звесткі межавых атласаў, генеральных планаў і эканамічных заўваг да іх, што дазволіла кампенсаваць непаўнату тэрытаряльнага ахопу ў тарыфах і вопісах парафій BKJI. Вельмі істотна, што згодна з афіцыйнай мэтай, межаванне павінна было адлюстраваць у буйным маштабе (у памеры 1:42000 для генеральных планаў на кожны павет) межы ўсіх наяўных уладанняў па стану на 1767 год. Гэта значна спрыяла паказу існаваўшых на момант першага падзелу паселішчаў, якія ў наступным былі перанайменаваны або зніклі ўвогуле.

Наступнай першакрыніцай служылі тарыфы чарговага падымнага ўліку, арганізаваныя Чатырохгадовым сеймам 1788-1792 гг. на усёй тагачаснай тэрыторыі BKJI, але якія, на жаль, захаваліся не ўсе. Для нас істотна, што дастаткова падрабязнымі з іх з’ яўляюцца скарыстаныя тарыфы па Лідскаму, Ашмянскаму паветах, Навагрудскаму ваяводству і інш.

Выкарыстаны картаграфічныя матэрыялы і тэкставыя тлумачэнні да іх (т. зв. эканамічныя заўвагі) Атласа Мінскай губерні 1797-1800 гг., якія таксама былі прадметам навуковага аналізу (Я. Анішчанка. Крыніцы і аўтары Атласа Мінскай губерні 1800 года // Тэзісы міжнароднай навукова- практычнай канферэнцыі “Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі. Мн., 1993. Ч. 1. С. 127-132”). Пры стварэнні карты скарыстоўваліся і адпаведныя Атласы Гродзенскай і Віленскай губерняў пачатку XIX ст., а таксама буйнамаштабныя здымкі Беласточчыны, якія адлюстроўваюць вынікі дэмаркацыі мяжы паміж Расіяй і Прусіяй, што былі распачатыя ў 1797 г. (Я. Анішчанка. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў паделах Рэчы Паспалітай. Мн., 2003), і так званая “Падрабязная мілітэрная карта па граніцы Расіі з Прусіяй” 1799 г., на якой пазначана заходняя частка Беларусі.

Пэўныя ўдакладненні рабіліся на падставе разначасовых інвентароў асобных маёнткаў, геаграфічнага паказальніка I. Спрогіса да актавых кніг Віленскага архіва старажытных актаў, які маецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, а таксама друкаваных крыніц (SlownikgeograficznyKrolestwaPolskiegoiinnychkrajowslowianskich. T. 1-15. Warszawa, 1880-1914; Litak S., Kosciol lacinski w Rzeczypospolitej okolo 1772 roku. Struktury administracyjne, Lublin, 1996; W. Kolbuk, Kosciofy wschodnie w Rzeczypospolitej okolo 1772 roku. Struktury administracyjne, Lublin, 1998; Litak S., Atlas Kosciola Lacinskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodow w XVIII wieku, Lublin, 2007).

Прыкарыстаннівынікамігэтайпрацытрэбаўлічваць, штоінструментальныяздымкімежаўуладанняўмаюццатолькідляправабярэжжаДзвіныілевабярэжжаДняпра, НаўсюастатнюютэрыторыюБеларусіскарыстаныякрыніцыдазваляюць рэканструявацьмежымаёнткаўумоўна, прыблізна, нападставескладу ўваходзячыхуіхпаселішчаў. Датагожземлеўласніцкаяструктура пастаянна мяняласяз-запродажу, закладаў (“заставы”), шлюбаў, дарэнняў іг. д. Натэрыторыі, далучанайу 1772 г. даРасіі,значнаячасткадзяржаўных іцаркоўныхмаёткаўбылаканфіскаванаіперайшладапрыватныхуласнікаў, тамуадлюстраваннеіхпрыналежнасціўчасыВКЛпатрабуеадмысловайрэканструкцыі, дляякойнезаўждыхапаезвестак.

Пры стварэнні Генеральнай карты быў прыняты шэраг дапушчэнняў. Першае з іх тычыцца таго, што ўвогуле трэба разумець пад беларускімі землямі ў азначаны час. Як вядома, само ўяўленне пра існаванне асобнага беларускага этнасу (народу, нацыі) аформіліся пазней. У другой палове XVIII стагоддзя саманазвы, уласцівай выключна гэтаму этнасу, яшчэ не было. Для адрознення ад суседзяў выкарыстоўваліся розныя тэрміны, якія ў канкрэтных абставінах маглі мець розны сэнс. Так, у зоне кантакту з этнічнымі літоўцамі альбо палякамі апазнавальным маркёрам магла стаць прыналежнасць да “рускай” веры і валоданне “рускай” мовай. Для адрознення ад жыхароў Украіны і Масковіі ўжывалася “літвінская” ідэнтыфікацыя.

Навуковае вызначэнне межаў рассялення беларусаў адбывалася ў канцы XIX - пачатку XX ст., пры гэтым розныя аўтары часам прыходзілі да істотна розных высноў. Асабліва гэта тычыцца межаў з украінцамі на Берасцейшчыне і Піншчыне, з вялікаросамі - на Смаленшчыне і Браніпчыне.

Улічваючы, што агульнапрынятага падыходу на тэты конт так і несклалася, пры вызначэнні абшару беларускіх земляў на 1772 год улічвалася фармальная прыналежнасць да адміністрацыйных адзінак - тагачасных ісённяшніх. Усетэрыторыі, якія ўваходзяць усклад сённяшняй Рэспублікі Беларусь, лічацца беларускімі незалежна ад таго, у склад якой адміністрацыйнай адзінкі яны калісь уваходзілі. Па-за гэтымі межамі ў разлік бярэцца тагачасная прыналежнасць. На поўначы і ўсходзе вырашальным крытэрыемстала знешняя граніца BKЛнапярэдадні першага падзелу, што дазволіла далучыць да беларускіх земляў Невель, Себеж, Веліж і паўночна- ўсходнюю частку Мсціслаўскага павета. На паўночным захадзе да беларускіх земляў залічаны цалкам Браслаўскі, Ашмянскі, Лідскі і Гарадзенскі паветы, а для Віленскага павета падрабязна разглядаецца толькі тая частка, што прыходзіцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. На поўдні Берасцейскі і Пінскі паветы, што далёка выдаваліся ў сучасную Украіну, таксама разглядаюцца цалкам.

Гэты фармальны крытэрый горш за ўсё спрацоўвае на захадзе. Ён дазваляе лічыць беларускімі землямі тыя часткі Берасцейскага і Гарадзенскага паветаў, што знаходзіліся ў сучаснай Польшчы, але не падляшскія паветы, якія з 1569 г. уваходзілі ў склад Польскай Кароны: Бельскі, Драгічынскі і Мельніцкі. Між тым частка насельніцтва гэтых паветаў паводле моўных і канфесіянальных крытэрыяў не можа быць адназначна аднесена да палякаў. Некаторыя з іх адчуваюць сябе беларусамі дасёння. Але наяўнасць на гэтых землях несумненна польскага насельніцтва не дазваляе гэтак жа адназначна залічыць іх у беларускія. У такой сітуацыі мы вырашылі ўсё ж не адыходзіць ад фармальнага крытэрыя, але палічылі мэтазгодным пазначыць на той частцы Падляшша, што трапляе ў рамку Генеральнай карты, важнейшыя цэнтры каталіцкіх і ўніяцкіх парафій, якія дазваляюць уявіць зоны перважання адпаведна польскага і беларускага (“рускага” ў тагачасным разуменні) этнасаў.

Такіх жа фармальных крытэрыяў патрабавала аднясенне населеных пунктаў да катэгорый гарадоў (“месцаў” паводле тагачаснай тэрміналогіі) і мястэчкаў. У вогуле паняцце “мястэчка” набыло адмысловы сэнс у больш позні час: у адміністрацыйнай практыцы Расійскай імперыі яно вызначала гандлёва-рамесніцкія паселішчы, якія не былі, у адрозненне ад гарадоў, адміністрацыйнымі цэнтрамі. У часы ВКЛ такі прынцып не ўжываўся. Словам “мястэчка” называлі паселічша, проста меншае па памерах, чым “места”. Дакладных крытэрыяў для такога падзелу не было, і таму адно паселішча можа ў розных крыніцах выступаць і як “места”, і як “мястэчка”. Залічыць іх усе ў лік гарадоў не дазваляе тое, што некаторыя паселішчы, якія мелі прывілеі на гандлёва-рамесніцкую дзейнасць, былі зусім невялікімі - памерам у два-тры дзесяткі двароў.

У такой сітуацыі быў ужыты камбінаваны крытэрый: як гарады на Генеральнай карце пазначаны тыя паселішчы, якія, апрача прывілею на статус “места”, адпавядалі не менш чым тром з шасці наступных крытэрыяў: былі цэнтрамі адміністрацыйных адзінак (ваяводстваў і паветаў), цэнтрамі буйных гаспадарчых адзінак (дзяржаўных эканомій, прыватных латыфундый), мелі самакіраванне паводле магдэбургскага права, гарадскія ўмацаванні бастыённага тыпу (што пацвярджае іх важнае абарончае значэнне), з’яўляліся цэнтрамі трох ці больш прыходаў розных хрысціянскіх канфесій (што пры адсутнасці дакладных звестак пра колькасць насельніства выступае даволі надзейным індыкатарам буйных памераў паселішча) і мелі больш за адзін манастыр (кляштар) розных канфесій (што з’яўляецца індыкатарам значнага культурнага цэнтра).

Трэцяе дапушчэнне тычыцца адрознення магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў. Вядома, што ў палітычна-гаспадарчым жыцці Рэчы Паспалітай вялікае значэнне мела дыферэнцыяцыя фармальна роўнай шляхты на дзве катэгорыі: шараговую шляхту дробных маёткаў, засценкаў і ваколіц з аднаго боку і саноўнікаў, валадароў вялізных латыфундый - з другога. Магнатамі ў літаратуры прапаноўвалася лічыць уладальнікаў больш за 1 тыс. двароў ці больш 3500 мужчынскіх або рэвізскіх душ (Козловский П. Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII в. Мн., 1982). Скарыстаць гэты фармальны крытэрый не дазваляе тое, што вызначыць дакладную колькасць праблематычна. Крыніцы такога кшталту (вышэйзгаданыя тарыфы і эканамічныя заўвагі да межавых атласаў) не супадаюць па часе і ахопліваюць розныя тэрыторыі, у той час як неабходна ведаць менавіта поўную колькасць падданых у розных паветах. Да таго ж гэты крытэрый не ўлічвае грамадскую вагу той ці іншай шляхецкай сям’і, якая не заўсёды дакладна адпавядала памерам яе маёмасці.

У такіх умовах мы зноў скарысталі камбінаваны крытэрый:магнатскімі на карцепазначаны ўладанні тых сем’яў (родаў), якія адначасова адпавядаюць двум крытэрыям: хаця б адзін зпрадстаўнікоў такой сям’і напрацягу другой паловы XVIII стагоддзя займаў пасаду ваяводы, кашталяна, альбо адну з прыдворных сенатарскіх пасад: вялікага ці надворнага маршалка, канцлера, падканцлера, падскарбія, гетмана, сакратара, рэфендара, харунжага, мечніка, канюшага, кухмістра, падчашага, крайчага, стольніка, падстолія, чашніка, лоўчага, а ва ўладанні сям’і знаходзілася не менш за 100 паселішчаў, пазначаных на карце і ў паказальніку. Пры ўсёй адноснасці гэтага апошняга крытэрыя ён можа быць лёгка падлічаны, а ў цэлым больш- менш адпавядае крытэрыю, прапанаванаму П. Г. Казлоўскім: валоданне абшарамі, на якіх умяшчалася такая колькасць паселішчаў, з улікам не нанесеных на карту, азначала многія тысячы падданых.

Да валадароў такіх зямельных комплексаў у адпаведнасці з выкарыстанымі крытэрыямі аднесены на тэрыторыі BKJI роды Агінскіх, Бжастоўскіх, Гільзенаў, Масальскіх, Пацаў, Пацееў, Радзівілаў, Сангушкаў, Сапегаў, Салагубаў, Тызенгаўзаў, Тышкевічаў, Храптовічаў, Чартарыйскіх, Юдыцкіх, а таксама Мнішакаў, Патоцкіх, Платэраў і Хадкевічаў, большасць маёнкаў якіх знаходзілася ў Літве, Інфлянтах, Польшчы і на Украіне, за рамкай Генеральнай карты. Апрача таго, у геаграфічным паказальніку пазначана ўласнаць родаў, якія не могуць лічыцца магнацкімі, але вызначаюцца на фоне астатняй шляхты параўнальна буйнымі вотчынамі, у тым ліку купленымі ў папярэднія дзесяцігоддзі ў кагосці з магнатаў (гэта тычыцца, напрыклад, Лапацінскіх і Сулістроўскіх, якія набылі шэраг латыфундый Сапегаў).

Перавага аддаецца больш трывалым формам уладання: пазначаецца, хто быў уласнікам маёнтка, а не яго фактычным карыстальнікам (старастам, арандатарам, закладатрымальнікам). У адпаведнасці з тагачаснай практыкай паказаны дзяржаўныя ўладанні двух тыпаў - каралеўскія эканоміі, даходы з якіх ішлі на ўтрыманне манарха, і стараствы, якія раздаваліся каралямі ў часовае (часта пажыццёвае) карыстанне прыватным асобам. Пры наяўнасці звестак асобна пазначаны таксама ленныя маёнткі, якія фармальна лічыліся дзяржаўнымі, але маглі знаходзіцца ў карыстанні шляхецкіх сем’яў на працягу некалькіх пакаленняў (забаранялася толькі без каралеўскага дазволу прадваць і абменьваць іх). Але трэба ўлічваць, што пры фрагментарнай вывучанасці крыніц ленныя маёнкі часам могуць быць зблытаны з прыватнымі. Дыферэнцыяцыя ўладанняў царквы адпаведна іх прыналежнасці праваслаўнаму, уніяцкаму або каталіцкаму духавенству пазначана ў паказальніку. На карце асобным колерам вызначаны толькі ўладанні каталіцкага ордэну езуітаў. Гэта тлумачыцца тым, што ў 1773 г. ордэн быў скасаваны, а болшьшасць яго маёнткаў у межах Рэчы Паспалітай на працягу некалькіх наступных гадоў перайшлі ў прыватныя рукі. У памяць аб гэтым у крыніцах такія маёнткі звычайна вызначал як “паезуіцкія”. На тэрыторыі,далучанай да Расіі, езуіты працягвалі дзейнічаць і захоўвалі сваю ўласнасць да афшыйнага аднаўлення ордэна ў 1814 г.

Важнейшыя дарогі нанесены даволі ўмоўна, з улікам таго, што існавалі альтэрнатыўныя варыянты праезду праз пэўныя мясціны. Сама розніца паміж галоунымі і другаснымі шляхамі тагачасных зносін таксама ўмоўная. Да галоўных аднесены тыя дарогі, якія у крыніцах называюцца не проста гасцінцамі альбо трактамі (публічнымі, паштовымі), але падкрэсліваецца іх магістральны характар, накіраванасць да значных цэнтраў: віленскі тракт, варшаўскі тракт і да т.п. Асноўнымі крыніцамі паслужылі вопісы скарбовай камісіі ВКЛ за 1767 год, апісанні парафій ВКЛ 1784-1785 гг., расейскія межавыя планы і атласы, “Падрабязная мілітэрная карта па граніцы Расіі з Прусіяй”.

Тыпы населеных пунктаў у крыніцах вызначаюцца разнастайна: селы, сельцы, засценкі, ваколіцы, абрубы, пустыні, вёскі, пагосты, мястэчкі, гарады. На карце яны часткова абагульнены, наказаны толькі асноўныя тыпы паселішчаў: гарады (паводле вышэйазначаных крытэрыяў), мястэчкі, вясковыя паселішчы гэтую групу залічаны, апрача ўласна весак і сёл, таксама панскія фальваркі і двары, у якіх большасць жыхароў таксама складалася з паднявольнага сялянства — дваровых людзей) і засценкі- ваколіцы (насельнікамі якіх былі асабіста вольныя шляхціцы).

Генеральная карта з’яўляецца вынікам працы двух аўтараў. Першапачатковы варыянт быў распрацаваны Я. Анішчанкам на падставе яго шматгадовай дзейнаспі па зборы, сістэматызацыі і лакалізацыі звестак па гісторыі населеных пунктаў беларускіх зямель другой паловы XVIII ст. ІІапярэднія вынікі гэтай працы ўвасобіліся ў карце “Беларусь у другой палове XVIII ст.” маштабу 1:1500000, выдадзенай у Нацыянальным атласе Беларусі, а таксама карце “Вялікае княства Літоўскае (сярэдзіна XVIII ст.)” маштабу 1:2000000, што выйшла ў першым томе ‘Гістарычнага атласа БеларусІ” ў 2008 г. Аднак прапанаваны варыянт патрабаваўістотнай дапрацоўкі, якая тычылася рэканструкцыі павятовых межаў і ўласніцкай прыналежнасці (асабліва на тэрыторыі, страчанай BKJI у 1772 г.), і удакладненняў значнай часткі межаў маёнткаў, дарожнай сеткі, лакалізацыі паселішчаў, наяўнаспі культавых пабудоў, статусу гарадоў і мястэчкаў. Гэтая дапрацоўка была праведзена В. Насевічам, які прымае на сябе адказнасць заканчатковы вынік і за разыходжанні,якія маюцца зраней апублікаванымі працамі Я. Анішчанкі. Ідэнтыфікацыю паселішчаў XVIII ст. з сучаснымі і складане геаграфічнага паказальніка цалкам выканаў В. Насевіч».

Я. Анішчанка, В. Насевіч

Рэцэнзія

“На генеральную карту “Беларускія землі ўканцы XVIII ст., падрыхтаваную для 2-га тома ‘Вялікага гістарычнага атласа Беларусі

(аўтары Я.К. Анішчанка і В.Л. Насевіч)

Карта “Беларускіяземлі ў канцы XVIII ст.”выканана на высокім навуковым узроўніі адлюстроўвае сучасныстан развіцця беларускай картаграфічнай навукі. Гэта першая спробабеларускіх картографаў на значныммасіве гістарычных крыніцпрывесці максімальную колькасць населеных пунктаў Беларусі ў час перадпачаткам першага падзела Рэчы Паспалітай. Дадзеная карта мае высокае навуковае значэнне і будзе карыстай не толькі для прафесійных гісторыкаў, а і для ўсіх, хто цікавіцца мінулым нашай Бацькаўшчыны, свайго рэгіёна.

Разам з тым, ёсць некалькі пажаданняў для аўтараў. Не зусім зразумела прадпрынятая аўтарамі спроба выдзялення магнацкіх уладаннях са складу шляхецкіх, тым больш, што зрабіць гэта датычна ўсіх уладанняў і ўсіх населеных пунктаў уладанняў аказалася немагчымым. У будучым, на нашу думку, было б дастаткова вылучаць на картах толькі цэнтры такіх уладанняў (вотчын).

На будучых картах пажадана падаваць царкоўныя ўладанні паасобку (выдзяляючы колерам) праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і г.д. населеныя пункты, а не пазначаць іх агулам пад шыльдай “царкоўныя (духоўныя)”.

У дадзеным варыянце карты прапануем уладанні і населеныя пункты, пазначаныя як “паезуіцкія”, аднесці да “духоўных”, што будзе адпавядаць гістарычным рэаліям.

Магчыма трэба правесці дадатковае выяўленне па інвентарах населеных пунктаў, якія знаходзіліся ва ўладаннях Віленскага каталіцкага біскупства, якія выпалі з люстрацыі 1765 г. і рэестраў падымнага.

Дадзеная карта можа быць рэкамендавана да публікацыі».

Вядучы навуковы супрацоўнік

Інстытута гісторыі НАН Беларусі,

доктар гістарычных навук.                        В. Ф. Голубеў

подпіс Голубева В. Ф. сведчу

пам. дырэктара па кадрах (подпіс)

30.12.2011 г.

(мне далі копію 16.01.2012 г.)