Прымазаліся

Прымазаліся...

Як і ў большасці сумленных людзей, у мяне заўжды выклікалі агіду плагіят і нахабнае прысваенне рознымі начальнікамі працы іх падначаленых. Але ж ніколі не думаў, што сам сутыкнуся з гэтым.

На пачатку 2007 года дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва А.К.Галубовіч прыняла мяне на працу ў аддзел публікацый і прылюдна даручыла мне кіраваць часовым калектывам па падрыхтоўцы матэрыялаў для зборніка "Витебская губерния. Государственные, религиозные и общественные учреждения. 1802—1917". Мяне афіцыйна прызначылі складальнікам і навуковым рэдактарам гэтага праекта. Большасць тэкста на той момант напісала былая супрацоўніца архіва Т.Е.Лявонцева. Пры яе згодзе мне выпала правіць атрыманы ад яе тэкст і дадаць да яго заключную частку ў маім асабістым выкананні і пры ўдзеле яшчэ пяці калег: З.Антановіч, Я.Насытка, Д.Лісейчыкава, А.Лютарэвіч і I.Вернер. Іншых аўтараў не было. Мною былі напісаны ўводзіны. У такім выкананні тэкст зборніка быў ухвалены двума рэцэнзентамі і ў лістападзе 2008 года рэкамендаваны да друку Вучоным саветам архіва, які да гэтай пары ўзначальвае не маючая вучонай ступені дырэктар архіва.

І вось нядаўна зборнік выйшаў з друку. Аднак насуперак рашэнню Вучонага савета я не значуся ў ім ні ў якасці складальніка, ні ў якасці навуковага рэдактара. Аўтарам прадмовы чамусьці значыцца дырэктар архіва, а ў якасці складальніка значыцца загадчык аддзела публікацый З.Яцкевіч. Ягонае кіраўніцтва праектам прыкметнае тым, што ён разоў дваццаць у дзень заглядваў у кабінеты і сачыў, хто чым займаецца, а затым… Насуперак рашэнню савета, не папярэдзіўшы мяне як складальніка і навуковага рэдактара, гэты чалавек занёс у склад аўтараў яшчэ двух супрацоўнікаў, якія не напісалі ніводнага радка ў абмеркаваны Вучоным саветам тэкст. Фактычна яны прысвоілі чужую працу і запісаліся ў склад сачыніцеляў.

Якасць выдадзенага зборніка ацэняць спецыялісты, бо мне, як аднаму з аўтараў, не з рукі выступаць у ролі рэцэнзента. Але мне агідна бачыць твор, які пісаны і перапісаны мною, заслугу складання якога прысвоілі людзі, што нахабна і незаслужана скарысталіся сваім службовым становішчам.

Яўген АНІШЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.

Народная Воля, 3 снежня 2009 г.